Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 8

Уладзімір Сцяпан

* * *

У зеляніне аранжавыя зоры — кветкі гарбуза.

* * *

Каханка плача, хавае твар за букет гладыёлусаў.

* * *

Лісток сьціскаю — зялёны, тапалёвы, гаркаваты сок.

* * *

Зусім няблага ляжаць і доўга думаць пра сьпелы агрэст.

* * *

Успамінаю дзедаў каменны ганак — трэснуты жорнаў.

* * *

Сонечны вечар, пылам і галубамі пахне гарышча.

* * *

Ля плыткай вады цёплай ліпеньскай рэчкі па пяску іду.

* * *

З далані на далонь перакідаў каменьчык і слухаў хвалі.

* * *

Вецер незнарок перагарнуў старонку маленькай кнігі.

* * *

Карункі шуму на жвір шпурляе хваля і цягне назад.

* * *

Са жмені ў жменю няспынна і марудна сыплецца жарства.

* * *

Залацістая на вялікай паніве рыбіна ляжыць.

* * *

У рудым збанку блакітнае малако, парожні кубак.

* * *

Стол. Відэлец. Нож. Памідоры. Агуркі. Шклянка, сок. Гладыш.

* * *

Астудзіў сьпіну сьвежы, цёплы вятрыска — безумоўна, кайф.

* * *

Куст ядлаўцовы пад маціцовым небам — вечны вандроўнік.

* * *

Вечар, піск стрыжоў пранізьлівы, трапяткі над цёмным дваром.

* * *

Золата крыжоў плыве над купаламі чужога храма.

* * *

Вільня, ціхі двор, пад шэраю сьцяною папараць расьце.

* * *

Хлопчык-акрабат на чырвоным дыване стомлены сядзіць.

* * *

Стогадовы дом, і каля яго цьвітуць гладыёлусы.

* * *

Кацяня дайшло да вакна ў стары падвал і схавалася.

* * *

Шэра-жоўтае менскае нізкае неба кратаю рукой.

* * *

Чорнае неба, маўклівае чаканьне ў аэрапорце.

* * *

Сыботні вечар, зьбіраю зь нізкай ліпы цьвет на гарбату.

* * *

Ціха паклікаў круглалісты званочак мяне ў дзяцінства.

* * *

Іду дахаты, салодкі ліповы дух супакойвае.

* * *

Пад алешынай, у завоіне маўчыць мяккая вада.

* * *

Гарачы вецер па зялёнай дарозе коціць жоўты ліст.

* * *

Квадра, парк стары, пахне скошанай травой малады туман.

* * *

Ноч, прыслухаўся — стракочуць гадзіньнікі; ці то конікі…

* * *

Па-над сасною поўні жоўты дыск плыве на хмарах сініх.

* * *

Падае зьнічка за далёкі чорны лес; забыў жаданьні.

* * *

Плывуць аблокі у ласкавай цеплыні, месячная ноч.

* * *

Успамінаю далёкае каханьне пад платанамі.

* * *

Чужы, чорны дом. Бясконцы глухі паркан. Бразнула клямка.