Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 5

Уладзімір Сцяпан

* * *

Сонечны ранак, жаўтавокая котка выйшла з пад'езду.

* * *

Ранак, парк стары, узьлятаюць галубы — ледзь чутны ветрык.

* * *

Паралеляграм сонечны на шпалерах, вясновы ранак.

* * *

Адчыніў дзьверы — скразьняк прынёс духмянасьць травы і бэзу.

* * *

Шэрую траву вецер цёплы і сухі на асфальт прынёс.

* * *

Шчыліны ў плоце — пасечанае сьвятло ляжыць на зямлі.

* * *

Сонца, капяжы, але калюгі ўначы павымярзалі.

* * *

Еду ў трамваі, паўпустым і халодным, на кніжны кірмаш.

* * *

Блакітна-шэры кавалак тынкоўкі разломліваю.

* * *

Парушыначка трапіла ў вока маё — вокамгненны боль.

* * *

З кнігаю ў руцэ наведваю кавярню, накрапвае дождж.

* * *

Першы дзень, калі лёду няма на ганку. Сьціхлі капяжы.

* * *

Сонечны настрой па вільготным пяску разьліваецца.

* * *

Надыходзіць час занесьці на сьметнік зімовыя боты.

* * *

Вецер. Груд. Вясна. Як вуркочуць галубы слухаў і маўчаў.

* * *

Шэра-жоўты сьнег плямамі ў полі ляжыць, вецер гоніць пыл.

* * *

Шалахнуўся куст, зашчабятала птушка… Ізноў цішыня.

* * *

Побач з дарогай доўгія, нежывыя трубы ляжалі.

* * *

Сухое дрэва. Прыляцелі вераб'і — пошчак, мітусьня.

* * *

Сіні аўтобус спыніўся й павітаўся з жоўтым дзьмухаўцом.

* * *

Кветачку набыў, а каму падараваць так і не знайшоў.

* * *

Пасыпаўся дождж: на інжыры вераб'і зашчабяталі.

* * *

Ідуць насустрач людзі, хаваючы твары ад ветру і дажджу.

* * *

Шклянка на стале. У празрыста-шэры цень муха запаўзла.

* * *

Ціха, сьпіць дачка ў пакоі, а за вакном дробны дождж ідзе.

* * *

Каля бардзюраў, на асфальце растаюць кавалкі лёду.

* * *

Быкі на бойні: чорныя сьлёзы ў вачах, цяжкі дух крыві.

* * *

Старое дрэва пяшчотныя лісточкі паўпрыгожылі.

* * *

Ружовы камень на зялёнай траве… Шукаю словы.

* * *

Сухая трава ціха шэпча пад ветрам песьню пра лета.

* * *

Чорная каза жоўтым вокам зіркае на гаспадара.

* * *

Зь берага камень спаўзае ў ваду вельмі — вельмі павольна.

* * *

Каляровае паветра Эстоніі пахне трэскамі.

* * *

Дарога ў полі, фурманка, стары чалавек, кола скрыгоча.

* * *

Мэтрапалітэн, у чаканьні цягніка разглядваю столь.