Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 7

Уладзімір Сцяпан

* * *

Бруіцца вецер — засыпаючы сьляды — пясок бруіцца.

* * *

Каля дзяржбанку на пыльным тратуары знайшоў капейку.

* * *

Па рудой сьцяне жучок паціху паўзе, лета ажыло.

* * *

Белае неба, а ў ім шэры матылёк уздымаецца.

* * *

На яркім сонцы крухмальныя карункі фіранак сьнежных.

* * *

Пыльныя пальмы высахлымі лістамі ледзь-ледзь варушаць.

* * *

Белакрылая кветка вэнтылятара на вакне расьце.

* * *

Кавярня ў вежы, музыка, млявасьць, кава. Шэры, спакойны дзень.

* * *

Уздоўж прыбою, бязгучна, па каменьні ляціць цень кірлі.

* * *

Паласатая яшчарка са сьцяжыны ўцякае ў траву.

* * *

Які вялікі ліст! Ня знойдзецца кнігі такі засушыць.

* * *

Колькі матылькоў віецца над чаромхай каля альтанкі.

* * *

Высокі комін, аблокі доўгія плывуць, талінскі вецер.

* * *

Дапамагаю выпаўзьці з-пад лісточка божай кароўцы.

* * *

У белым небе, о, як высока, як шмат зялёных шышак.

* * *

На веях маіх зьнікае сонечны пыл, вецер у хмарах.

* * *

Сьпёка, на дварэ селі курыцы купацца у гарачы пыл.

* * *

Басанож іду, чорна-сіняя сьцежка, сьціхае конік.

* * *

Стручок гароху зялёнаю рыбкаю высьлізнуў з рукі.

* * *

Жонка і дачка сьпяць у цёплай цішыні, жнівеньскі спакой.

* * *

Рэчка ратуе ад сьпёкі, ад горычы і ад маркоты.

* * *

Цячэ, шапоча жвір скрозь пальцы… У руцэ застаўся камень.

* * *

Пыл на паліто, каля жалезнай брамы чакаю брата.

* * *

Іржавы ліхтар сьпіць пад дажджом у парку, стоячы сьмірна.

* * *

Рукі, рыдлёўка, дождж, дзёран, жвір, камяні… Моўчкі працую.

* * *

Дожджык перастаў, а вада яшчэ цурчыць з вадасьцёчных труб.

* * *

Вулка вузкая, патыхае вільгацьцю стогадовы брук.

* * *

Кубачак кавы, белы цукровы кубік, сухія кветкі.

* * *

У трубах рэха павялічвае памер… Сэнс непарушны.

* * *

З вачэй цяжарнай жанчыны паглядаюць дзьве розныя душы.

* * *

Цэлы Божы дзень цяжкая гарачыня — горад змучыўся.

* * *

Абараняйце, чорныя акуляры, хворае вока.

* * *

Стома, здранцьвеньне, на скронях гарачы пот, не варушуся.

* * *

Не здымаючы ахоўных акуляраў, разьвітваюся.

* * *

Чапіў анучу, спалохаў шалахвоста — няма спакою.