Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 3

Уладзімір Сцяпан

* * *

Чакаю маці. У маўклівым пад'езьдзе слухаю крокі.

* * *

Ліхтар згасае — ярчэе кола поўні на голым дрэве.

* * *

Жоўтыя зоры на чорнай вадзе ляжаць — з клёнаў упалі.

* * *

Чуйны дзьмухавец вартуе сон ветру у чыстым полі.

* * *

Гаўбец адчыніў — дождж стаіць у парозе, празрысты, як цень.

* * *

Як сумна гарыць зорка ў ранішнім небе — зорка Вэнэра.

* * *

Зноў засынаю і прачынаюся зноў ноччу халоднай.

* * *

Сьцяна. Колкі дрот. Варону вецер загнаў пад гэту сьцяну.

* * *

Радасны голас з вуліцы вецер прынёс — голас дзіцяці.

* * *

Толькі шэры дом ды белы сьнег халодны — бачу за вакном.

* * *

Прыцемкі. Восень. Вогненнай вежай дрыжыць ліпа на ўзьлеску.

* * *

Стары, стары дом. Сьцёрся блакітны нумар, ведаю — сёмы.

* * *

Хвалі завеі сьлед падхапілі белы — сьлед на дарозе.

* * *

Галіну крануў — падае ліст барвовы на чорны асфальт.

* * *

Знойдзе на бруку хлопчык каштан вільготны і заўсьміхаецца.

* * *

Сьветлы золкі дзень. Кропляй іртуці дрыжыць сонца ў гардзіне.

* * *

Полымя-лісьцік з кноту галіны ляціць у восеньскі змрок.

* * *

Куды ляціце скрозь сьнягі і туманы, малыя птушкі?

* * *

Чыстая вада абмывае далоні, між пальцаў цячэ…

* * *

Начныя гукі: ці дождж, ці вецер, ці рып… І я між імі.

* * *

Суцешыць вецер голае дрэва зімой — сьнегам засыпле.

* * *

Доўга прымерваў руды, вялікі шынэль… Сябе не пазнаў.

* * *

На сьпіне ляжу з вачыма адкрытымі… Хутка раніца.

* * *

Белыя хмары над чорнымі дрэвамі стаяць, як горы.

* * *

Кусты чаромхі. Вецер цёплы наляцеў — белых кветак шэпт.

* * *

Старэнькі ровар, валізка з хлебам, кошык — стаяць ля слупа.

* * *

Вакно. Крыж рамы. Чутна, як муха гудзе. Стол. Посуд пусты.

Уладзімір Сіўчыкаў

* * *

Утульны дворык… Першыя кроплі дажджу — пахне асфальтам.

* * *

Сад занядбаны, дол у пялёстках вішань. Ветраны вечар.

* * *

Прачнуўся ўранку. Млосна. Смага. Горкі пах. Стол непрыбраны.

* * *

Разгарну дзёньнік… Дзень адышоў у нябыт, бы кропля ў пясок.

* * *

Іржэўнік жорсткі, як зваротны шлях пакут. Нудны краявід.

* * *

Ідзём далёка… Хто падкажа, дзе канец гэтага шляху?