Читать «Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў» онлайн - страница 2

Уладзімір Сцяпан

А зборнік з хоку беларускіх паэтаў — невялікі востраў у плыні сучасных нязьменных зьменаў.

Уладзімір Адамчык.

Максім Танк

* * *

Рэкі, як людзі, сьпяшаюцца да акіяну — сваёй нірваны.

* * *

Неразлучнымі толькі пакінуў нам Буда Жыцьцё і Сьмерць.

* * *

Бічую, бы Ксэркс, мора за разьбітыя мае караблі.

* * *

— У будучыню ды на раскрышаных крылах? — сьмяецца сьлімак.

* * *

Быццам той алень, што згубіў панты, бягу і падаю.

* * *

Набыў ракаўку. Цяпер я — не самотны. Гавару з морам.

* * *

Над Фудзіямай — драконы бліскавіцаў. Цьвіце сакура.

* * *

Пацеркі пэрлаў — сьлёзы асірацелых рыбацкіх удоў.

Уладзімір Арлоў

* * *

Грэйся, яшчарка, паміж цёплых камянёў. Доўжыцца жнівень.

* * *

Маленькі сьлімак задумаўся пра вечнасьць на цёплай рэйцы.

* * *

Няўжо, крыніца, ты дасюль ня ведаеш, як мяне завуць?

* * *

Узгорак, белы ад дзьмухаўцовых куляў, глядзі, не ўзьляці.

* * *

Там, на гарышчы ў пушцы з жаўнерыкамі жыве маленства.

* * *

Чаму ты маўчыш, зязюля-прарочыца, у маім садзе?

* * *

Дзьмухаўцовы пух у тваёй жарай грыўцы. Скончыўся травень.

* * *

Пялёсткі вішняў прыплылі па рачулцы з майго дзяцінства.

* * *

Зялёны вецер прынёс з таго берага згадкі пра цябе.

* * *

Пярсьцёнак-зьмейка, толькі ён застаецца берагчы цябе.

Уладзімір Сьцяпан

* * *

Лесьвіца. Дзьверы. Доўга стаю. Слухаю. Мама сьпявае.

* * *

Вочы заплюшчыў — пах лістоты ў пакоі, вецер за вакном.

* * *

Явар чырвоны убачыў бы першы сьнег, калі б ня вецер.

* * *

Трамвай празьвінеў — зноў цішыня навокал… Слухаю вецер.

* * *

Сьляды на пяску: птушак, людзей, сьлімакоў — хвалі змываюць.

* * *

Зноў сустрэў яе, з кошыкам жоўтых сьліваў да бальніцы йшла.

* * *

Лесьвіца з дошак у драўлянай званіцы. Сьцёртыя сходы.

* * *

Нехта пакінуў вядро з вадой ля сьцяны. Рудая трава.

* * *

Гляджу вечарамі на камень і ракаўку, што з мора прывёз.

* * *

Павута ляціць. Праз срэбра нітак лёгкіх гляджу на неба.

* * *

Па лесьвіцы зьбег ліст у абдымках ветру, насустрач зіме.

* * *

Цёмна ў пакоі. Падае, падае сьнег на суседні дах.

* * *

Станцыя «Ліпа». Пахне скошанай травой нават сіні дым.