Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 64
Павел Андреевич Мисько
Затое прыплыў да іх Бобі, паклаў галаву падбародкам на цэментавы бераг басейна. Разявіў ружовы, у шараватыя плямы, як у Мансуравага сабакі, рот, паволі выштурхоўваў з рота языком ваду. Праскрыпеў тоненька, жаласліва, потым затрэнькаў дыхалам, задрыжала плеўка-перапонка, што яе прыкрывала: понк-пэнк-пынк-пінк, р-рыў-рын-н, нібы хто правёў кіпцем па зубцах металічнай расчоскі.
— Што, Бобі? Ты маленькі бэбі, а не Бобі… Што ты хочаш сказаць, на што паскардзіцца? — прысеў Радж, пагладзіў яго па гладкай, нібы паліраванай, галаве, патузаў у бакі за рострум. — Бяда ў вас, малышок, бяда… Што тут здарылася, бэбі? Чаму ты не раскажаш?
Бобі паплыў да дэльфінак, закруціўся каля іх, падаючы скрыпучыя гукі.
О, каб мог Бобі ці другі дэльфін расказаць, што тут адбылося!
Радж устаў. На душы было цяжка: дэльфінят усе любілі, як родных дзяцей.
— Радж, павер, я ні ў чым не вінаваты! — Гуга гаварыў гэта, і ажно губы дрыжалі.— Учора я пакідаў іх жывых і здаровых, ніякіх падазрэнняў не было.
— Ніхто цябе не вінаваціць, супакойся.
— Ага! Ты не ведаеш Судзіра! Ён цяпер з'есць мяне… Ён жа пачынаў з маленькімі нейкі нумар рыхтаваць.
— Вечарам усе добра елі?
— Па-рознаму, як заўсёды. Хто больш удзельнічаў у прадстаўленнях, той нахапаўся за дзень. Астатніх дакармліваў… Джэйн, здаецца, мала ела. Усё плавала паціху, не нырала… Але я падумаў, што і ёй перапала, не галодная.
— Судзір быў вечарам? Праводзіў рэпетыцыю?
— Не.
— Да Крафта ты не бегаў? Трэба хутчэй яму далажыць.
— Не было яшчэ яго.
Было восем гадзін раніцы. А палове дзевятай прыходзіць містэр Крафт, а палове дзесятай — Судзір. Рабочы дзень у Гугі пачынаецца ў восем гадзін, бо яму трэба і рыбу рыхтаваць — Судзір дэльфінам не кідае па цэлай, калі заахвочвае пасля выканання нумару. У астатніх супрацоўнікаў пачатак работы ў дзевяць.
У адзінаццаць пачынаецца першае прадстаўленне, у чатырнаццаць — другое. У сераду, суботу і нядзелю — па тры прадстаўленні, апошняе — у шаснаццаць. Пасля кожнага прадстаўлення Судзір разыгрывае «латарэю», уручае некаторым гледачам пластмасавых дэльфінчыкаў, прыклееных да скрыначак-падставак. Тыя дні, калі няма трэцяга прадстаўлення, Судзір займае гэтыя гадзіны на рэпетыцыі і іншыя заняткі з дэльфінамі.
Стаялі з Гугам на мосціку, кожны думаў пра сваё. Пад імі некалькі разоў праплыў, магутна працуючы хвастом, Дзік.
— Гуга-а! — пачулася з заліва. Прыплыў на адрамантаваным яліку, прывёз рыбу з порта загадчык гаспадаркі Абрахамс.
Гуга сарваўся з месца, пабег туды.
— Скажы яму пра Джэйн! — крыкнуў наўздагон Радж. — Трэба ж хутчэй вылоўліваць, а то і так дэльфіны хвалююцца.
А самому палезла ў галаву чорт ведае што. Мо Джэйн атруцілі? Пачалі з Джэйн — як папярэджанне, а потым і да астатніх дабяруцца. Мо прыклалі руку тыя з «WW» ці «WV»? Але ж выпадак з гарпуном быў больш за месяц назад, калі б і захацелі падпужаць яшчэ раз, то зрабілі б адразу, не цягнулі б столькі. А з сённяшнім абстрэлам таксама не звяжаш. Абстрэл быў хоць на некалькі гадзін, ды пазней, чым пачалося ўсё з Джэйн. Вартаўнік гаварыў, што ўсю ноч дэльфіны непакоіліся. А Гуга заўважыў, што Джэйн была як сама не свая яшчэ звечара.