Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 54
Павел Андреевич Мисько
Выйшлі ўсе разам на камяністую дарогу, што вяла ўгору, да храма. Пякло сонца, з-пад соцень і тысячаў ног узвіваўся белы едкі пыл. Кожны стараўся яшчэ і прытанцоўваць, не перастаючы выкрыкваць словы малітваў. Натоўп усё гусцеў… Са страхам і немым здзіўленнем Янг наглядаў, як нейкі паломнік у адным вешці коціцца па дарозе бокам. Цела бруднае, абдзёртае, у сіняках, вочы заплюшчаныя… А во ідзе маладая маці, на руках хлопчык са сляпымі, белымі вачыма… Паўзуць на каленях, на карачках, тэпаюць на дошчачках, стоячы на вострых цвіках, і кожны след на камянях — крывавы. За біргусаўцамі сунецца барадаты здаравяк… Калі трошкі адстаць і зазірнуць за яго, то ўбачыш, як за барадачом цягнецца маленькая калясачка, на ёй скурчаны стары з падагнутымі рукамі і нагамі, суставы распухлі, як булавешкі. Калясачка злучана са спінай барадача вяровачкамі, кожная вяровачка з кручком… Кручкі паўпіваліся ў спіну, скура на тых месцах павыпіналася конусамі, з кожнай ранкі цурчыць кроў.
Шныпараць між людзей, трапляюць пад ногі аблезлыя, паршывыя сабакі. Сноўдаецца, як п'яная, замінае людскому патоку худая карова. Святая жывёліна, ніхто яе не асмеліцца прагнаць.
Абапал дарогі сядзяць на сонцы голыя і чорныя, як галавешкі, святыя — садху. Хто-ніхто падыходзіў да іх, кідаў у бляшанкі манетку: святыя таксама не адным духам святым жывуць. Янг чуў шэпт людзей, шапталіся з павагай і зайздрасцю: «О-о, вунь той быў у Бенарэсе, у Індыі… Піў ваду са свяшчэннай Гангі… А той — у Рышыкешы… А той — у Хардвары…» Дзе тая Індыя, дзе горад Бенарэс? Янг меў цьмянае ўяўленне. Можа, гэта ўвогуле казка-легенда, у якую можна верыць, а можна і не.
Мабыць, вецер крыху павярнуўся, бо дым ад вялізных вогнішчаў, што палалі паблізу храма, пачало закручваць і гнаць якраз на паток людзей. Людзі кашлялі, плакалі ад дыму — едкага, ажно хапала ўдушша ад паленага мяса. Недзе жудасна і надрыўна раўла карова. На вогнішчах спальвалі нябожчыкаў. Быць спаленым у час такога храмавага свята — вялікі гонар, заплаціць за такі гонар маглі толькі багатыя людзі. Пра ўсё гэта Янг таксама пачуў у натоўпе.
Янгаў бацька, мабыць, быў ужо непрытомны. Галава абвісла на грудзі, ногі валачыліся па камянях, як нежывыя. Але яму не давалі ўпасці, не знімалі кавадзі з яго плячэй. Памагалі несці і бацьку, і кавадзі незнаёмыя мужчыны, не біргусаўцы: ахвяра павінна быць данесена да Вішну, інакш усе намаганні будуць дарэмныя, малітваў і просьбаў бог можа і не пачуць.
Пляц каля самага храма скрозь застаўлены нейкімі не то званамі, не то маленькімі храмікамі, вакол іх у чашах з пяском гараць сандалавыя палачкі, кураць кнаты ў плошках з алеем. Цясноцце і штурханіна неймаверныя… Манахі спрабуюць надаць людскому вэрхалу нейкі парадак, дзеляць паток людзей на ручаі — да галоўнага ўваходу і да бакавога, спрабуюць нават стрымліваць людскі напор, прытарможваць. Хто абуты, збочвалі пад сцяну, разуваліся, скідвалі з сябе ўсё, што было з натуральнай скуры, і зноў спяшаліся да ўваходу. Кожны імкнуўся да Вішну трапіць чым раней, пакуль той не стаміўся выслухоўваць людскія скаргі і просьбы.