Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 46
Павел Андреевич Мисько
Кітаянка паставіла свечкі на стол і моўчкі выйшла. — Сі-сі,— падзякаваў кітаец. — Мама, звары нам кавы! — кінуў ён наўздагон. — А ты разувайся і праходзь далей. І сядай, хочаш — на падушку, хочаш — на канапу.
Сам кітаец дакульгаў да чырвонай з вычварнай спінкай канапы, упаў на яе.
Скідаючы ў парозе туфлі і моршчачыся (паспеў нацерці і парасціраць мазалі), Пуол спадылба разглядваў гаспадара і ўсю раскошную, з карцінамі на сценах кватэру. Кітаец сядзеў, прыплюшчыўшы вочы, твар у пацёках поту, на лбе праступілі кроплі. Немалады гаспадар ужо, гадоў пад сорак. Церпіць, мабыць, страшэнны боль, а ні разочку не застагнаў за ўсю дарогу.
— А цяпер — мяне, — выставіў да яго кітаец здаровую нагу.
Пуол ступіў па мяккім дыване, чуючы ласкавы козыт ворсу ў падэшвы. Укленчыў каля канапы, каля ног кітайца. Ён гатовы быў поўзаць на каленях (пакуль што!), гатоў слугаваць дзеля таго будучага, што чакае яго. Вынес гаспадаровы туфлі за дзверы, левы быў клейкі ад крыві.
— А цяпер падай бліжэй апарат… у кутку вунь… — паказаў гаспадар за тарэц канапы пад акно.
Пуол кінуўся туды, а як браць — не ведаў. Упала, загрукала трубка.
— Зараз… Ён разваліўся… І ён прывязаны, я зараз адвяжу, — затузаў правады.
— Ха-ха… — не вытрываў кітаец. — Не трэба адрываць, адвязваць. Давай так, як ёсць.
Пуол паставіў тэлефон яму на калені. Кітаец зняў трубку, паторкаў пальцам у кнопкі з лічбамі. Пачакаўшы, сказаў у трубку:
— Застаёмся пры сваіх інтарэсах… Нават пукалкамі пачалі забаўляцца… Пра падрабязнасці пазней — і не па тэлефоне. — Паслухаў нейкі адказ з трубкі і яшчэ сказаў: — Я думаю гэтаксама. Болей таго: я пра гэта ў свой час папярэджваў.— І паклаў трубку, перадаў апарат Пуолу, каб той паставіў яго на тую ж скураную тумбу, падобную на адрэзаную ад тоўстага дрэва калодку.
Стаўляў тэлефон Пуол падкрэслена асцярожна.
— Дай мне дзве падушачкі пад спіну.
Пуол хуценька ўзяў дзве падушачкі ад стала, паветра ўскалыхнулася, ледзь не патухлі свечкі.
— А цяпер сядай сам і расказвай, — уладна паказаў кітаец каля сваіх ног.
— Што? — Пуол падмасціў пад сябе падушку, унутрана дрыжучы ад захаплення: дзе гэта было бачна ці чутно, каб хоць адзін біргусавец сядзеў на такім!
— Усё! Хто ты, адкуль ты… Чаму на тым месцы апынуўся… Як зваць… Ці ёсць сям'я… Дзе жывеш…
Многа што цікавіла кітайца! Але Пуол расказваў усё шчыра, сам здзіўляючыся са сваёй шчырасці: звычайна любіў прыхлусіць. Стараўся быць дзелавым, гаварыць без лішніх падрабязнасцей.