Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 45
Павел Андреевич Мисько
— У-у-у-у… Рам, рам… Рэ рам… — маліліся ў цёмным кутку людзі, трывожылі бога.
— Я ж прасіў — ціха! Няўжо не зразумела? — у голасе кітайца прагрымела пагроза. — А ты давай… туды… Калі хочаш зарабіць.
Апошняга кітаец мог і не дадаваць. Пуол вышмыгнуў за дзверы. Ён нейкім дзесятым чуццём улавіў: гэта той Яго Вялікасць Выпадак, які трэба хапаць за хвост. Усё адбылося не так сабе! Не!.. «Дурны лоб гузака знойдзе!» — раптам нібы пачуў дакорлівы голас бацькі і ажно галавою крутнуў, каб адвязацца ад яго. «Гузака… Гузака… Майму гузаку вы яшчэ не раз пазайздросціце!» — агрызаўся ў думках.
Не стаяў слупам, прахаджваўся сюд-туд. Дзе прачыняліся дзверы, біў па іх нагою:
— Не высоўвайце носа, калі хочаце жыць! І людзі не высоўвалі.
Выглянуў і на Томіроўд. Усюды была цішыня, толькі дзесьці густа гулі машыны. На гэтым участку вуліца вечарам не асвятлялася, цемра была б амаль пракаветнай, каб не сям-там касыя палосы святла з акон, каб не каляровае зарыва над цэнтрам, ад якога даляталі прывідныя водсветы і сюды.
Вярнуўся ў двор. Тут ні з аднаго акна не выбівалася святло. Людзі сядзелі прытаіўшыся, як мышы.
Праследвальнікі не вярталіся ў двор, махнулі, мабыць, на ўцекача рукою. Дый знайсці чалавека ў гэтых лабірынтах было не лягчэй, чым тэрміта ў джунглях.
Зноў прачыніліся тыя ж дзверы, зноў Пуола паклікалі…
І вось яны ўжо ідуць цёмнымі вуліцамі і правулкамі. Паранены незнаёмец адною рукою абапіраецца на палку, другою ўчапіўся ў локаць Пуолу. Загадаў — «Вядзі!», і Пуол павёў — без аднекванняў, без роспытаў — куды. Паварочваў там, дзе яму загадвалі павярнуць (шмат разоў), рабілі нават петлі. Пуол у гэтай частцы горада не быў, нават не ўяўляў, што ёсць такі горад у горадзе. Сям-там кідаліся ў вочы шыльды і надпісы кітайскімі іерогліфамі, часам афішы тырчалі ў бок ад сцен, звісалі ўніз ці былі распяты на дратах цераз вуліцу. Кітайскі горад!
Перад нейкім пад'ездам спыніліся. Кітаец зняў з шыі касынку, завязаў Пуолу вочы і правёў яго скрозь будынак, потым дварамі падышоў яшчэ да аднаго. Далей ужо кітаец вёў яго, раз-пораз папярэджваючы: «А цяпер сюды!.. А цяпер туды!.. Ногі падымай, тут пачынаюцца прыступкі». Гэтых паваротаў, праходак па калідоры, спускаў і пад'ёмаў па лесвіцах было яшчэ нямала. Як сам кітаец адолеў усё гэта, было проста дзіва. Урэшце зноў спусціліся па лесвіцы пралётаў на два, і кітаец пастукаў умоўным стукам у дзверы. Адчыніліся яны не скора і, мабыць, ледзь-ледзь, на даўжыню ланцужка. Пэўна, хтосьці разглядваў Пуола, бо кітаец вымушаны быў сказаць:
— Ён са мною.
Ланцужок яшчэ раз бразнуў, рыпнулі дзверы. Кітаец паштурхаў Пуола перад сабою і сцягнуў з яго вачэй павязку. Усё роўна не было нічога відаць, і Пуол наставіў перад сабою рукі, каб не выпараць на што-небудзь вока. Слухаў, як сам кітаец зачыняе, бразгаючы замкамі і ланцужкамі, дзверы, і ў грудзях напружана звінела і сціскалася ад страху і цікаўнасці. Уперадзе загарэлася запалка, асвятліўшы старэчую руку і тарбаватыя, у зморшчынах шчокі, правалены, у зборачкі рот. Стары кітаец ці кітаянка? Такі пацучыны хвосцік-коска з матузком мог быць і ў мужчыны. Кітаянка запаліла дзве ружовыя свечкі на падсвечніку, што стаяў на прычэпленай да сцяны палічцы. Панесла яго перад сабою, прыкрываючы адну свечку далоняй, прайшла з ёю ў велікаваты пакой, абстаўлены мяккай мэбляю. Нічога падобнага Пуол ніколі не бачыў, гэта было нібы ў якой казцы. Стаў, як укамянелы, не асмельваючыся далей ступіць і кроку. Уся падлога ў пакоі была заслана мяккім, у кветкі дываном, пасярод стаяў нізенькі стол з акуратна раскладзенымі вакол яго падушкамі.