Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 44
Павел Андреевич Мисько
Пастаяў крыху, зайшоўшы ў адзін такі двор, падзівіўся, як людзі знаходзяць у гэтым хаосе сваё жытло. І раптам недзе ззаду, на Томіроўд ці яшчэ далей, пачуліся стрэлы. Глуха, без лёскату. Пуол імгненна павярнуўся… Пад скляпенне праезду ўбягаў, моцна накульгваючы, кітаец з пісталетам у руцэ. Дзеці і бабулі з віскам сыпанулі па дамах, а адзін карапуз-крываножка спрабаваў падняцца з зямлі і ўсё падаў, равучы на ўвесь голас. Пуол, не цямячы, што робіць, падхапіў яго на рукі… І ў гэты час убачыў цераз праём праезду, што па той бок Томіроўд з закавулка выскачыла яшчэ двое ўзброеных людзей. Паранены кітаец аглянуўся на іх і стрэльнуў туды не цэлячыся, але тыя ўсё роўна разбегліся на момант у бакі… А вочы кітайца кідаліся сюды-туды, шукалі спрат, і Пуол паказаў яму на прачыненыя дзверы бліжэйшай прыбудоўкі. Уцякач скеміў, скок-скок туды на адной назе — грук! — зачыніў і заваліў дзверы знутры.
Мо праз хвіліну на двор заскочылі і тыя двое, у аднаго ў руцэ быў таксама пісталет, у другога штосьці падобнае на маленькі аўтамат з даўгаватым голым ствалом.
— Куды той пабег? — аўтаматчык саўгануў зброяй Пуолу ў грудзі.
— Вай-ва-а-ай! — лямантаваў, вырываўся з Пуолавых рук карапуз.
— Туды… во! — паказаў у цёмны лабірынт закавулкаў.— На суседнюю вуліцу!
Праследвальнікі патупацелі ў прыцемак. Малы зароў яшчэ мацней, пачаў драпацца, і Пуол пусціў яго з рук, яшчэ і шлёпнуў па заду. Сям-там зарыпалі, патрошкі папрачыняліся дзверы. Адны адкінуліся насцеж, з іх выскачыла маладая жанчына, падхапіла малога, абпаліўшы Пуола нядобрым позіркам, і схавалася зноў. «Дурніца…» — сабраўся аблаяць яе, як прачыніліся і тыя дзверы, за якімі схаваўся ўцякач.
— Эй, хадзі сюды! — паклікалі Пуола ў шчыліну.
Ён падышоў да дзвярэй.
— Ты гаспадар гэтай хаціны?
— Не-а.
— Усё роўна! — кітаец адкінуў дзверы шырэй, уцягнуў Пуола за руку ўсярэдзіну, зноў заваліў завалаю.
Недзе з глыбіні памяшкання, з цемры чуліся ўсхліпы і падвыванні жыхароў. Ад спалоху яны баяліся заплакаць, закрычаць уголас.
— Я бачыў у шчэльку… як ты іх. Дзякую, што памог, — кітаец раптам як не ўпаў са стогнам на зэдлік, выцягнуў параненую нагу. — Задача, значыць, такая… Ды ціха вы там! Я не збіраюся вас каўтаць жыўцом, як мышанят, — прыкрыкнуў на скавытаўшых. — Значыць, так… Ты павартуй там на двары, пакуль мяне тут крыху перавяжуць. Глядзі, каб ніхто не выходзіў на двор. Мо будуць бегчы тыя назад, — каб не было ім у каго распытваць.