Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 43
Павел Андреевич Мисько
…Выкінулі яго, п'янага, пасля поўначы. У галаве моцна шумела, а ў кішэні было ціха, ціха.
Успароў яго з тратуара паліцэйскі. Пуол ужо крыху працверазеў. «Марш адсюль! Дзе твой дом?» — нібыта грозна пытаў ахоўнік парадку. «Там!» — махнуў няпэўна Пуол кудысьці ў бок порта.
Рэшткі ночы правёў у тым скверы, дзе піў аранжад. Сагнаў з лаўкі нейкага жабрака. Калі той пачаў абурацца, прыгразіў прырэзаць. Каб паказаць сваю агіду да жабрака, паслаў на тое месца вынятую са сметніцы «Свабоду» («Фрыдом»). Пад раніцу яго зноў успароў паліцэйскі: «Тут спаць небяспечна…» — «Могуць абрабаваць…» — закончыў за яго Пуол насмешліва і вывернуў пустыя кішэні.
Ён сам гатоў быў каго-небудзь абчысціць, ды ўсе гулякі ўжо разбрыліся па дамах, а дабрачынныя жыхары яшчэ не прачыналіся.
Праз якую гадзіну пачалі ўжо раз'язджаць мота- і велакаляскі, машыны-фургоны, развозіць па лаўках прадукты. Багатым гараджанам заказы развозіліся дамоў. Пуол сам прасачыў, як высокі індус у чалме спыніў каляску каля нейкага асабняка, выцягнуў з-за спіны прыкрытую белым карзіну, паставіў яе на слуп брамы — высока, на ўзроўні галавы, націснуў у дзверцах на кнопку званка, выклікаючы кухара ці слугу. І тут жа ўсеўся за руль, паехаў далей. Але ад'ехаў ён мо крокаў дзесяць, як Пуол ужо быў каля брамы, запусціў руку ў карзіну. Трапілася вялізная, прысыпаная зрудзелымі крупкамі цукру булка. Не стаў перамацваць, што там яшчэ ёсць, а паддаў ходу.
У гэты дзень пачыналі ўпрыгожваць сталіцу да свята каранацыі султана. Па горадзе развозілі і чаплялі ўпрыгожанні — сцягі, плакаты, гірлянды, партрэты султана і членаў яго сям'і, будавалі аркі, абвівалі іх вянкамі, разбівалі дадаткова гандлёвыя палаткі, напіналі на пустках тэнты сталовак, дзе будзе раздавацца пахлёбка для бедных. Было ўжо многа прыезджых, людзей на вуліцах прыкметна пабольшала. Пуол бадзяўся сярод іх і адчуваў сябе як рыба ў вадзе. У аднае дамачкі выхапіў з рук гаспадарчую сумку — бо ўбачыў, што на дне яе ляжыць пузаценькі, з кнопачкамі кашалёк, і прыпусціўся наўцёкі. Заблытваў свае сляды ў нейкіх завулках, а пацішэла — зноў падаўся ў цэнтр. У кашальку разам з дробяззю было васемнаццаць долараў і дваццаць цэнтаў. Нішто сабе! І так лёгка зарабіліся гэтыя долары. Шкада, што кашалёк старэнькі, не загоніш…
Зайшоў у лавачку, купіў лёгкія туфлі, абгледзеў ногі ў нізка пастаўленым люстэрку — сам сабе спадабаўся! Як джэнтльмен, а не злодзей… Ён яшчэ не ведаў, што сапраўдныя, буйныя зладзеі, махляры і гангстэры маюць прыстойны, нават рэспектабельны выгляд.
Пакуль што не думалася, дзе пройдзе яго другая сталічная ноч.
З начлегам вырашылася зусім нечакана.
Ішоў па Томіроўд міма былых англійскіх казармаў і са здзіўленнем заўважыў, што гэтая «Салдацкая дарога» крыжуецца з тою вулачкай, дзе з яго высмакталі ўсё, што можна, і вытаўхалі як непатрэбшчыну на тратуар. Пайшоў далей, за скрыжаванне, па працягу Томіроўд, заўважаючы, як усё больш драбнеюць дамы, глушэе і бруднее вуліца. Гэта была мо апошняя вуліца, якую ён яшчэ не абследаваў, не агледзеў. Праз скляпеністыя праезды было відаць, што ў дварах лабірынты вулачак і завулкаў, розныя па вышыні дамы і домікі, хаціны лепяцца адна да адной, некаторыя прыбудоўкі трохсценныя ці амаль круглыя, нібы якія вартавыя вежы. І дахі былі розныя: і стромыя, многаскатныя, з нейкімі бляшанымі сцяжкамі, і пляскатыя, амаль без нахілу нахлабучаныя на сцены, і такія, што краі пазакручваны, як у кітайскіх пагадах. Пад сценамі сям-там гуляюць каля памыйных лужын дзеці, сядзяць бабулі.