Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 34
Павел Андреевич Мисько
І што сяльчане вырашылі зрабіць з бацькам, для чаго прымушаюць яго галадаць? Янг вырашыў нікуды далёка не адыходзіць ад хлеўчука, нанач залазіў у нейкі куратнік. Добра, што гаспадаровы куры не хацелі начаваць там, а кожны вечар узляталі, кудахкаючы, на панданус. А будка хвацкая, так утульна ў ёй — каб яшчэ на пядзю даўжэй, то можна было б і ногі выпрастаць. І курамі амаль не пахне, увесь дол Янг заслаў сухім лісцем, на сцены прыляпіў каляровыя здымкі мора, зялёных астравоў і ружовых палацаў — павырываў з нейкага часопіса, знойдзенага на звалцы.
Сама таго не хочучы, выдала таямніцу Натача. Неяк прыцемкам забегла ў двор, укленчыла каля будкі. У руцэ за спінаю штосьці трымала.
— Ты ўжо спіш? Ой, як у цябе тут прыгожа! От каб і мне такі домік! — шчабятала яна. — Навошта людзі робяць вялікія хаты? Абы залезці можна было, ад дажджу схавацца. А не захацелася на гэтым месцы жыць, устаў, перабег з хаткаю на спіне на другое месца. Так і падарожнічаць можна — з хатаю на спіне!
— Ноччу добра. А паспрабаваў удзень залезці, ледзь не сасмажыўся.
— Дзіва што! — Натача пабомкала пальцамі па бляшаным аднаскатным даху, які быў зроблены з расплюшчаных бідонаў.— Сонца як напячэ… Слухай, цябе таксама бяруць на Галоўны востраў.
— Куды-ы-ы? Хто бя-рэ-э?!
У Янгавым голасе было столькі здзіўлення, што Натача спалохана заціснула сабе рот.
— Ой, а я ж думала, што ты ўсё ведаеш! — яна таропка пачала ўставаць, каб уцячы, але Янг высунуўся і спрытна цапнуў яе за руку.
— Ану — лезь сюды! І расказвай… Усё, што ведаеш!
Ахкаючы ад цікавасці і павіскваючы, Натача залезла ў будку.
— Ты ведаеш, што хутка наша храмавае свята?
— Ну… — адказаў Янг. Сапраўды, штосьці пра гэта чуў. Кожны год бывае.
— Бацьку твайго павязуць на Галоўны. Ён кавадзі панясе з ахвярамі Вішну! Ён цяпер самы блізкі да бога чалавек, і яго Вішну паслухаецца. Вішну павінен нам усім памагчы, усім біргусаўцам!
— А калі з суседняй вёскі большую ахвяру Вішну занясуць? Дык бог іх паслухаецца, ім паможа, а не нам? — наіўна пытаў Янг.
— Не, Вішну і нас пашкадуе, ён добры і ўсемагутны! — горача шаптала Натача. І так блізенька ад Янгавага твару, што ён чуў яе гарачае дыханне, а кучаравыя пушыстыя коскі Натачы не-не дый казыталі яму нос. — Раздзявайся! — раптам сказала Натача, хоць Янг і так быў у адных трусіках. І яна расціснула кулак, паказала, што прынесла. У цвёрдым, бы картон, лісце фікуса з заломанымі ражкамі ляжала нейкая шаравата-жоўтая смала. — Дзед Амос мазь зрабіў. Давай я табе памажу, дзе пакусана. Хутчэй зажыве.
— Бацьку трэба было б змазаць. У яго ўсё цела пабіла на язвы.
— Нельга бацьку лячыць, дзед казаў. Чым больш пакут ён прыме, тым больш ачысціцца яго душа, бліжэй будзе да бога. Лажыся! — загадала Натача і нават таўханула ў плечы.
Янг разлёгся з кутка ў куток спінаю ўгору — якраз хапіла выцягнуцца. Натача падыхала на мазь, яшчэ больш разаграваючы, пачала мачаць у яе пёрца і вадзіць яму па карку, па спіне, па руках — лёгенька, далікатна, пахукваючы на болькі.