Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 36
Павел Андреевич Мисько
— Я гатовы…
Пайшлі не ў той бок, дзе канчаліся хібаркі беднаты і пачыналася звалка, а значна лявей, на паўднёвы захад, угору па схіле. Тут былі прывілеяваныя кварталы, беласнежныя катэджы сярод плантацый бананаў, ананасаў, какосаў і арэкавых пальмаў. То там, то сям на плеценых з дроту агароджах, на платах, на варотах віселі шыльдачкі «PRIVATE».
— І тут прайвіт, прайвіт… — чытаў гэтыя надпісы Амара і сціскаў зубы. — І тут не суйся, даўно ўсё стала прыватнай уласнасцю.
Урэшце прыгарад скончыўся. Круцізна схілу рэзка ўзрасла. Зямля была ўжо скалістая, зрэзаная ярамі і равамі, зарослымі лесам. Некаторыя дрэвы — пахутакавы — былі падобныя на гіганцкіх мнаганожак з пачварнымі доўгімі лапамі, ствалы іх амаль ляжалі, разаслаўшы кроны па камянях. Зрэдку трапляліся на тэрасах вузенькія лапікі палёў, былі і закінутыя ўчасткі, зарослыя калючымі кустамі і пустазеллем. Пяршыла ў горле ад дыму — сям-там высякалі і выпальвалі лес, каб расчысціць хоць маленькі ўчастак, нанасіць туды зямлі. Мужчыны, што займаліся гэтым, лазілі па круцізне, як малпы, былі амаль голыя, з невялікімі павязкамі на бёдрах. Цёмныя целы блішчалі ад копаці, гразі і поту. Ламачча гарэла слаба, больш дымела, было яшчэ сырое ад начнога дажджу. Амара спрабаваў загаварыць то з адным, то з другім.
— А што — тыя кінутыя ўчасткі, на тэрасах, нічые ўжо?
— Можаш лічыць — нічые. Там што-небудзь зможа расці толькі гадоў праз пяць. А то і ніколі, палівай не палівай.
У голасе мужчын былі стома і роспач, і хлопцы зразумелі: людзі нічога добрага ад свае працы не чакаюць.
Усё часцей трапляліся велізарныя наплывы чорна-бурай лавы — наздраватыя, замшэлыя. Нібы нейкі волат, а мо сам бог Вішну замясіў недзе там, угары, цеста, а яно так бурна падыходзіла і пухкацела, што распаўзлося ва ўсе бакі.
Караскаліся, падавалі адзін аднаму рукі ці кавалкі ліян і ўрэшце апынуліся нібы на пласкагор'і. Разгледзеліся па баках — і скрозь гушчэчу зеляніны ўбачылі ўнізе ваду. Не раўніна тут была, а западзіна з возерам. А сапраўдная гара тырчала яшчэ далей за возерам. Самая макаўка яе была не зялёная, а бура-сіняя, зацягнутая пялёнкай смугі ці дыму. У адным месцы сярод зараснікаў бялеў, пеніўся вадаспадзік. Але да яго, мабыць, было далёка, бо шуму вады не чулі.
— На тую гару на палезем, мы ж не вар'яты… — нейкім абыякавым голасам сказаў Амара. Адчувалася, што ён страціў ужо ўсякую надзею штосьці адшукаць.
— То давай хоць возера абыдзем, спусцімся да вады, — прапанаваў Янг.
— Кальдэра называецца… На месцы гэтага возера было калісьці жэрла вулкана, — сказаў Амара. — Дзіўна, праўда? Не на самай макаўцы гары, а збоку.
— Не выдумляй, — не паверыў Янг. — Я на малюнку бачыў вулкан, там з верхавіны гары дым, агонь і камяні ляцяць.
— Быў, кажу, вулкан, але патух. Мо сотні, мо тысячы гадоў назад. А цяпер у кратэры вада і лес.
— А можа быць вывяржэнне зноў?
— Можа. А калі — ніхто не ведае… Спусцімся ніжэй!
Янг лез за Амараю, стараўся паўтараць усе яго рухі, хоць часам цяжка было дацягнуцца да тых галін ці да тых выступаў, якімі той карыстаўся.
— Вада!.. Халодная… І чыстая, а здавалася спачатку, што чорная.