Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 33

Павел Андреевич Мисько

Усё больш таемнымі і глухімі здаваліся шэпты. Але павекі Янга, як на тое ліха, цяжэлі і цяжэлі — хоць распоркі ўстаўляй. І ён не заўважыў, як зноў заснуў.

Прачнуўся ад таго, што Натача далікатна заціскала яму нос, патузвала за вуха.

— Соня, устава-ай… Праспіш усё на свеце! Сяльчане былі ўжо на нагах, прыладкоўвалі за плячыма клункі, дзяцей. На Янга і асабліва на яго бацьку паглядвалі з пашанаю, з бляскам надзеі ў вачах. Такі бляск Янг не раз бачыў, калі вяскоўцы маліліся Вішну, размаўлялі з самім Вішну… Янгаў клунак таксама хтосьці узваліў на плечы. — «Нічога, нічога, вы — адпачывайце…» Бацьку нечым пачаставалі, ён жаваў, злізваў з далоні крошачкі і быў вельмі задаволены жыццём. Нічога не разумеў Янг: што магло перамяніцца? Чаму раптам такая ўвага і павага? Усе гэтыя дні кожны быў заняты сабою, думаў у першую чаргу пра сябе і сваю сям'ю, толькі адна Натача, дзякуй ёй, дапамагала. Дык што ж здарылася? Што праспаў Янг — вельмі важнае і для яго, і для бацькі? Спрабаваў распытаць у Натачы, але яна адмоўчвалася або загадкава азіралася па баках і падцінала губы. Хіба ёй забаранілі да часу гаварыць пра гэта?

Апеквацца над Янгавым бацькам стаў дзед Амос, худы, як ссохлая цыкада. За памочніка ў яго быў дзядзька Амат.

Калі ўрэшце сяк-так рассяліліся ў хібарах на ўскраінах (за грошы беднякі гатовы былі памеркавацца, даць куточак і бежанцам), для Ханга дзед Амос наняў хляўчук без акон. А Янга да бацькі не пусцілі, як ні прасіўся, як ні ўгаворваў. На дзверы хлеўчука пачапілі замок і Янга адганялі, каб чаго не перадаў бацьку. Раз у дзень дзядзька Амат прыносіў Хангу ваду і больш нічога не даваў. Бацька спачатку енчыў і выў — неяк жудасна, па-звярынаму, прасіў есці і плакаў. На трэці дзень ужо толькі стагнаў і не ўставаў з кучы лісця, нагрэбенага ў кутку хлеўчука. Янг падглядваў за ім у шчыліны, і сэрца аблівалася крывёю. Раз падкраўся, каб падсунуць пад дзверы пару бананаў, купленых на базары. Знекуль вынырнуў дзед Амос, спалохана паштурхаў Янга ад дзвярэй, вярнуўся і сеў пад сцяною вартаваць.

— За што вы яго пасадзілі ў турму? За што здзекуецеся?! Што ён вам кепскага зрабіў? Яго лячыць трэба, доктару паказаць! А вы… а вы… — слезы душылі Янга.

— Ён павінен усе гэтыя дні пасціць шчырым постам, — сказаў дзед Амос і пачухаў худую грудзіну. — Ты не згубіў тых грошай, што па чэку выдалі?

— Ёсць яшчэ трохі…

— Беражы. Хутка вельмі спатрэбяцца.

Так ні на адно пытанне і не адказаў.

Янг і без таго ашчаджаў грошы. За ўсе дні патраціў толькі два долары і трыццаць пяць цэнтаў. Янг памятаў, што грошы патрэбны будуць, каб паказаць бацьку ўрачу. Толькі калі гэта здарыцца? Нашто пасадзілі пад варту хворага бацьку? Каб жылі на Біргусе і каб быў жывы бома, то ўсё лячэнне магло б абысціся значна танней: занеслі б чараўніку дзвюх курэй, і ён выгнаў бы з бацькі злога духа. Бо бацька стаў не святым чалавекам, не божым, а наадварот — у яго ўсяліўся злы дух і муціць розум. Цікава, ці ёсць у Кампонгу бома? Ці можа ўрач замяніць яго?