Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 32
Павел Андреевич Мисько
— Не павінна быць: і востраў не вельмі вялікі, і рэчка малая, — замест яго адказаў Амара. — Ідзі пасярэдзіне, калі так баішся, — і пусціў Янга ісці другім.
Ці прыліў падганяў, ці той уяўны кракадзіл — вярталіся шпарчэй. Хацелася быць як мага далей ад гіблага месца.
Каля агню знайшлі менш за дзесятак чалавек, і то сядзелі адны сем'і Амата, Амары і Янгаў бацька. Сядзелі, пазалазіўшы ў дым і пазахутваўшыся, хто як мог.
Янг падпёк на вугалях прынесеных скакуноў, адну рыбку даў бацьку, другую схрумстаў сам. Гэта была адзіная ежа, якою сёння аграшыліся. Але хіба гэта харч? Толькі горш есці захацелася, развярэджаны жывот ныў і бурчаў.
І хоць стаяла самая спякота, а лес дарэшты запоўніўся ўдушлівымі пахамі, туманнай парнасцю, рушылі назад. Далей, далей, чым далей адсюль! Здавалася, калі яны яшчэ трохі памарудзяць, то разам з гэтымі выпарэннямі напаўзе на іх нейкая пошасць, і не будзе ўжо ад яе ніякага ратунку. Янгаў бацька кволіўся і не то скуголіў, не то плакаў, як маленькі. Янг і суцяшаў яго, і прылашчваў, угаворваў пацярпець яшчэ трошкі. Спыніліся адпачыць толькі праз якую гадзіну. І то, можа, яшчэ паўзлі б, каб не выявілі, што тыя, хто ўцёк раней, не дачакаўшыся вынікаў разведкі, таксама ляжаць упокат у цяні дрэў, спяць як забітыя. Тут было ўжо суха, і лес выглядаў не так змрочна і дзіка. Пападалі ледзь не без прытомнасці і яны.
Праз гадзіны дзве, калі людзі пачалі ачуньваць і патрохі варушыцца, Натачын бацька паспрабаваў паразважаць уголас, ці варта заўтра лазіць у горы, каб паглядзець, якое там месца. І да самага Кампонга пра гэта гаварылі, дзе рабілі яшчэ адзін прывал. Жанчыны апантана навальваліся на яго, ім трэба было на кімсьці спагнаць злосць. А хіба Амат ва ўсім вінаваты? Дакрычаліся да таго, што нікуды яны з Кампонга не пойдуць. Калі мужчынам хочацца, хай бадзяюцца. Але ж няхай не забываюць і пра сем'і, пра тое, што трэба карміць дзяцей.
З'явіўся аднекуль п'яны Пуол. Насміхаўся і здзекаваўся над сваімі землякамі. Як ні вязаўся, ніхто не хацеў з ім размаўляць. Урэшце Амара надаваў яму кухталёў, турнуў ад людзей.
— Т-ты яшчэ мяне п-папомніш! Кроўю табе адрыгаецца! — п'яна гразіўся ён і, выпінаючы бараду, пакручваў галавою, нібы хацеў вывінціць яе з каўняра.
Хтосьці параіў: калі будаваць якую хібару, то лягчэй за ўсё гэта рабіць на ўскраінах Кампонга. Там хутчэй можна і гатовы куток наняць. На сметніках і звалках можна назбіраць якіх картонных каробак, фанерных скрынак на сцены, нарасплюшчваць пустых бочак, навымяркоўваць з цэлафанавых мяшкоў кавалкаў плёнкі на страху. Паступова ўвязваліся ў гаворку ўсе мужчыны, толькі Янгаў бацька моўчкі хістаўся ў бакі, шчасліва ўсміхаўся, потым паспрабаваў нешта плесці з галінак і пальмавых лісцяў, узбіваў гэтыя нязграбныя пляцёнкі-капялюшыкі на галаву і ўсміхаўся яшчэ больш шчасліва. Зрабіў чалавек дах над галавою!
— Ён ужо не чуе нас… Ён з Вішну размаўляе… Ён божы чалавек, хіба вы не бачыце?! — зашапталі жанчыны, кідаючы на Ханга загадкавыя позіркі. Потым зашапталіся так, што Янг нічога не мог разабраць. Жанчыны і мужчын паклікалі. Першымі — дзеда Амоса і старасту Ганеша. Ва ўсіх быў змоўніцкі выгляд.