Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 247

Павел Андреевич Мисько

І быў смех скрозь плач, і плач скрозь смех, была істэрыка.

— Янг, мілы, ты ці не ты?! Знімі гэтыя акуляры, я не пазнаю цябе… — і сама сарвала чорныя акуляры і цалавала яго ў сплюшчаныя павекі (не мог ён яшчэ без чорных акуляраў глядзець на белы свет), а Янг чырванеў і пацеў — кідала ў жар. Абдула далікатна выбраўся з будана і сядзеў пад сценкаю, пасвістваючы: хай наладжваюць адносіны.

Потым былі бясконцыя роспыты, і даводзілася Янгу зноў і зноў расказваць пячорную эпапею.

— І ўсе-ўсе дэльфіны загінулі?! — не магла даць веры Натача.

— Усе… — горка ўздыхаў Янг. — Бобі так шкада — як брацік мне быў! — ён соўгаў пальцы пад шкельцы акуляраў, выціраў слёзы. — Толькі во… Цацку мне вынес з дна, на дракончыка падобная, — успомніў Янг тую штуковіну, што засунуў сабе за пояс у пячоры.

Пачуўшы гэта, Абдула ўраз апынуўся ў будане.

— Дык гэта ж золата!!! — ускрыкнуў ён, узяў у Янга дрыжачымі рукамі дракончыка. — Злітак золата! Самародак… Во, абабіта, бачыце, як гарыць? А цяжкі!

Перадавалі з рук у рукі, аглядалі з усіх бакоў, калупалі кіпцямі. Абдула выцягнуў шыю ў той бок, дзе, па яго меркаванню, было возера. Уздыхнуў.

— І ты… столькі цярпеў гэты цяжар за поясам і не мог успомніць дасюль пра самародак?! — накрычаў на Янга.

— Я яшчэ не такое цярпеў…— спакойна адказаў Янг. Чамусьці золата не выклікала ў яго ніякіх эмоцый.

Ішоў пяты дзень плавання ўкрадзенага танкера, калі, пераначаваўшы каля Натачынага будана, хлапчукі прыйшлі з Натачаю ў Кампонг, у бальніцу.

А Радж ноч правёў у палаце каля Амары. Урачы дазволілі паначаваць каля яго, падаглядаць пасля аперацыі. Пералівалі Амары кроў — два літры! Хацеў Радж падзяліцца з сябрам сваёю, а ўрачы ўзялі пробу і сказалі — не падыходзіць.

І вось другі дзень пасля аперацыі, Амары крышачку палепшала. Янг, Абдула і Натача кленчаць перад галоўным урачом, каб пусцілі іх да хворага — хоць на пяць хвілінак. Ім бы толькі ўбачыць Амару, пераканацца, што ён жывы — і больш нічога не трэба.

І ўпрасіліся, пусцілі іх. І ўбачылі, хвалюючыся, як адразу пасунуў да іх па прасціне саслабелую руку Амара. Чацвёра рук кінулася насустрач ягонай, і ўсе пяць спляліся ў адным гарачым поціску.

— Даў я вам клопату… — трымціць на вуснах Амары ўсмешка. — І як толькі расплоцімся мы за аперацыю, за кроў, за бальніцу?

— Ты не забівай сабе гэтым галавы. Усё будзе добра, — гаворыць Радж.

— І грошы знойдуцца, — тонам мільянера гаворыць Янг, але з-за пояса нічога не дастае, не паказвае. Яны ў палаце не адны, ёсць і чужыя, па кутках стаяць яшчэ чатыры ложкі.

— Мо хто ўбачыць маіх… нашых… Не гаварыце, што са мною такое. Што пакаўзнуўся… — папрасіў Амара. — А грошы вам вярну. Папраўлюся і зараблю.

Чатыры кулакі пацягнуліся да яго носа.

— Не буду… Не буду… — усміхаецца квола Амара.

— Твая задача зараз — паправіцца, — сказаў Янг.

— Чым хутчэй, — дабавіў Абдула.

— Я да цябе кожны дзень буду прыходзіць, — паабяцала Натача. — Буду гаварыць — сястра твая.