Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 249

Павел Андреевич Мисько

Ухапілася гарэць нафта і на вадзе. Шырокі палаючы паток пачаў ахопліваць востраў з поўначы, дзе пляжы, і з поўдня, дзе быў порт.

А ў порце панаваў ужо дзікі вэрхал і паніка, людзі з боем захоплівалі ўсё, што магло плысці ці трымацца на вадзе, спадзеючыся выбрацца з агнявога паўкальца, пакуль пылаючая нафта не адрэзала шлях да адступлення. Каторыя з пасажырамі, а каторыя і без іх судны ўдалося вывесці да заходніх сектараў. Не соладка было ім у бушуючым моры, але паступова судны прабіваліся ў напрамку да Галоўнага вострава.

Пачалі гарэць джонкі з плывучага пасёлка, там узняўся лямант і роў людскіх галасоў…

Радж і Янг разлучыліся з Абдулою, як толькі высадзіліся на Раі. Пабег Абдула павінаваціцца перад сіньёраю. А яны заглянулі ў дэльфінарый. Паспелі пабачыць толькі Абрахамса, ён няўхільна нёс службу, карміў дэльфінаў. Сказалі яму пра гібель Судзіра, і Абрахамс завойкаў і заайкаў: «А як жа дэльфінарый цяпер? А як жа я… мы ўсе?!»

Да паліцэйскага ўчастка не дайшлі, пачулі рокат верталётных матораў і далёкую страляніну. Павярнулі ў бок порта, куды беглі ўжо і дзеці, і дарослыя і адкуль добра было відаць, што робіцца на рэйдзе і аж да самага гарызонта. І ўся катастрофа з танкерам адбылася на іх вачах…

Потым, калі ашалелы натоўп пачаў цягаць іх з сабою то туды, то сюды, ім ледзь удалося ўхапіцца адзін за аднаго, каб не згубіцца ў людскім віры. Чмурэючы ад крыкаў і гвалту, прабіліся да восьмага сектара, дзе палалі ад падпаленай нафты рыбацкія джонкі-хаціны. Хацелася памагчы рыбакам у гэтым апакаліпсісе, памагчы Гугу, яго сям'і. Пра свой ратунак браты не думалі. Прымалі на рукі нейчых дзяцей, нейкія клункі, адносілі чым вышэй на бераг, зноў прабіваліся да вады… Лодкі ўспыхвалі ўсё бліжэй і бліжэй. У дымнай копаці людзі мітусіліся, як чэрці. Ніхто не ведаў, ці ўсе насельнікі лодак выратаваліся, ніхто нічога не мог сказаць пра Гугу і яго сям'ю.

Потым стомленыя, мурзатыя пляліся па кальцавой дарозе на захад, куды падаваліся і людзі. На пляж наўкасяк ішлі перамешаныя з нафтаю вадзяныя валы, нафтаю быў заліты ўжо ўвесь пясок да раздзявалак і душавых, і нават будачкі-раздзявалкі. Нафта тут яшчэ не гарэла, але бяда ад яе была не меншая. Знакамітым на ўвесь акіян пляжам прыйшоў канец.

Недзе ў чацвёртым ці пятым сектары напаткалі Абдулу. Прабіўся насустрач людскому патоку з Тота на руках. Вочы спалохана абмацвалі кожнага стрэчнага-папярэчнага. Убачыў Раджа і Янга — і ажно сабачку ўпусціў з радасці.

— Няма нідзе сіньёры… А Тота ў калідоры злавіў, бегаў і скуголіў, бегаў і плакаў.

— Мо паспела выехаць, — сказаў Радж. Прайшлі і пяты, і шосты сектары, тут было самае вялікае зборышча людзей. Тут не было дыму, не дайшла сюды яшчэ і нафта.

Паселі ўтрох на бетонны парапет, які абараняў дарогу ад хваляў прыбою. Глядзелі, як коцяцца на бераг брудныя валы, глядзелі ўлева, на дэльфінарый. Ён яшчэ быў цэлы, яшчэ быццам існаваў, але здавалася, што яго ўжо і не было.