Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 238
Павел Андреевич Мисько
Янг перавярнуўся ў логаве, узлёг на бруствер, каб лепш было сачыць за Судзірам і пляжам. І пачуў, што да парога пападплывалі дэльфіны, фукаюць унізе пры самым беразе, жаласліва скрыпяць, нібы жаляцца, а хтосьці з іх коратка і трывожна пасвіствае — падае сігнал трывогі, небяспекі. Не ўтрымаўся, споўз да вады.
— Ну — чаго вы? — прашаптаў ласкава. — Нічога больш не магу для вас зрабіць. Зусім нічым не магу памагчы… — Янгу зрабілася горна, зноў стала шкада сябе і дэльфінаў: усіх чакае марная гібель.
«Птр-рын-н… Тэнк-тк-тк-ткрыі…» — Бобі ўссунуўся падбародкам на бераг, выставіў дзюбу. Амаль не відаць малыша, лямпачка з матком проваду недзе за жыватом Судзіра, сюды ніяк не свеціць. Янг працягнуў у бок дэльфіняці руку — палашчыць, пагладзіць, павадзіць за нос. Але рука на штосьці натыкнулася, Бобі трымаў нешта ў зубах. Узяў тую рэч — і ледзь не выпусціў: такога цяжару ў той штуковіне не чакаў. Як жалеза якое, і халоднае, як жалеза. «Дзівак малы… Што ён дастаў, прывалок?» — падумаў, лезучы назад у свой акоп.
Сядзеў і абмацваў Бобіну знаходку. Не гладкая яна і таўстажылая, нагадвае галінку з ледзь памечанымі лісточкамі ці пупышкамі. Сям-там штосьці прыкарэла, нібы ўплавілася — мо пясчынкі ці кавалкі магмы. Мацаў-мацаў гузакі, і прыдумалася другое параўнанне: дракончык-сяміножка, а не галінка. І галоўка ёсць, і ножкі — дарма што на адным баку чатыры, а на другім тры, і хвосцік скрывіўся ўбок загагулінкай. Пастукаў цацкаю аб камень і не пачуў ніякага звонкага гуку. Удары былі нейкія вязкія, глухія. Сунуў за пояс — няхай пабудзе там, мо ўдасца падабрацца да лямпачкі, тады і разгледзіць добра.
Судзір тым часам прычальваў да пляжа. Вось бочка плыта шкрэбнулася аб бераг, дрэсіроўшчык зыбнуўся. Дайшоў да сцяны з убітым калком-кручком, павесіў скрутак з лямпачкаю. Ад дзвюх лямпачак на пляжы стала відней. Судзір вярнуўся да плыта, забраў з яго на бераг электраліхтар, акваланг, ласты і маску і стаў, рукі ў бокі, чакаць Піта і «старога». Яны таксама якраз вынырнулі — цікава, каторы ўжо раз? — і рабілі апошнія ўзмахі ластамі. Судзір нагнуўся, адною рукою прыняў з рук Піта вядро, другую падаў, каб памагчы выбрацца на сушу. Паставіў вядро, а як Піт стаў расшпільваць рамяні, зайшоў яму ззаду ўзяць акваланг.