Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 236

Павел Андреевич Мисько

Здалося, што Судзіра з Дораю і Бобі не было доўга, як толькі паветра ў дэльфінаў хапіла. Першы выскачыў, адфыркнуўся Бобі. Дзік і астатнія самкі павярнулі да яго, нібы карцела ім распытаць: «Ну як там? Чаго ён прыстае да вас?» Але вынырнулі Дора і Судзір. У Доры ў зубах бокам вісела чарпалка, пяску ў ёй не было ні жмені. Але Судзір паляпаў яе па спіне, павярнуў і давёў да самага плыта, забраў і ўскінуў на дошкі чарпалку, а дэльфінку ўзнагародзіў кавалачкам рыбы. На гэты раз узбіраўся на плыт зусім няўклюдна, здавалася, бездапаможна дрыгаў у вадзе нагамі. А ўзлез, то зноў звесіў ласты, знерухомеў у одуме.

За час, пакуль Судзір займаўся з Бобі і Дораю, Піт і «стары» двойчы вынеслі на пляж па вядру пяску, ссыпалі яго там у кучку і адплылі па новую порцыю. Янг усё гэта адзначаў, паварочваючы галаву і ў той бок, падлічваючы іх рэйсы. Судзір не бачыў гэтага, але ў галаве таксама, мусіць, падлічваў, што за гэты час можна было зрабіць самому і колькі ўвогуле спатрэбіцца часу, каб чаму-небудзь навучыць дэльфінаў.

— Дора, рэпэтэ, — Судзір узяў чарпалку, зноў ссунуўся ў ваду.

Палез бліжэй да вады і Янг. Не мог трываць, бачачы, што мяшок з рыбаю амаль не крануты, а дэльфіны плаваюць галодныя.

Мора пачынала разгульвацца, на грэбнях хваль ускіпалі белыя грывы. Катэр ляцеў на максімальнай хуткасці, часам урэзваючыся носам так, што пырскі ўзляталі вышэй галоў. Але ніхто не хаваўся ад гэтых пырскаў, толькі жмурыліся ды напружана ўглядаліся ўперад. На носе каля правага борта стаялі па двое — Радж і Амара, афіцэр са Свійттаўна і начальнік паліцыі з Рая, моцна трымаліся за парэнчы.

— Я думаю, што трэба было б высадзіцца каля лагера і абкружыць яго з усіх бакоў,— гаварыў начальнік паліцыі.

— А з боку мора як абкружыш? Высаджвацца толькі з мора! І штурмам… У першую чаргу захапіць іх плаўсродкі. А па беразе яны далёка не ўцякуць, — запярэчыў афіцэр.

— Вунь домік на колах іхні, з антэнамі. Там у іх, мабыць, радыёстанцыя… Яго таксама трэба ў першую чаргу захапіць, каб перарваць сувязь са светам, — сказаў Амара.

— Правільна, малады чалавек. Колькі іх там усіх? — у голасе афіцэра была цвёрдасць.

— Думаем, што не больш за дзесятак… Па нашых назіраннях, — разам сказалі Радж і Амара. — З правага боку, вунь, бачыце палаткі? Дзве, чатырохмесныя.

— Зараз частка людзей можа быць у пячоры пад вадою, — дадаў Радж.

— Распарадзіцеся там, у кубрыку, каму куды трэба будзе бегчы, і камандуйце «У ружжо!», — сказаў афіцэр тонам, які не пакідаў сумнення: ён ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва аперацыяй і толькі ён. Павярнуўся да рулявога, які выглядаў з-пад доўгай прыўзнятай фрамугі з пырскамі на шкле. — Бачыш іх глісер пры беразе? Прытрыся шчыльненька, каб можна было пераскочыць на яго. І поўны ўперад!