Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 237
Павел Андреевич Мисько
— Слухаюся, пан афіцэр!
…Дзік стаў на хвост, матлянуў галавою так, што чарпалка праляцела ў паветры, са звонам бразнулася ў сцяну зусім блізка ад Янга і плёхнула ў ваду. «Ай, малайчына!.. Другая ўжо, адну Дора ўтапіла…» — паспеў падумаць Янг. І тут Дзік даў нырца. Нырнуў з ім і Судзір, не выпускаючы з левай рукі абруча з провада, накінутага на галаву дэльфіна. Судзір, пэўна, круціў гэты абруч, усё тужэй сціскаючы пятлю. Провад урэзваўся ў цела, душыў дэльфіна. Дзік, мабыць, думаў, што, ірвучыся ўперад, зможа пазбавіцца ад пятлі і Судзіра, думаў, што чалавек-драпежнік, які сумеў падкрасціся да яго разам з Дорай і нечакана накінуць пятлю, не вытрывае доўга. Людзі ж не могуць быць доўга пад вадою, спаборнічаць у гэтым з дэльфінамі. А тое забыў Дзік, што чалавек хітры, што ён узброіўся аквалангам і сам хоча ўзяць яго зморам. І ўжо, наадварот, у дэльфіна не хопіць духу, бо трэба супернічаць не з чалавекам, а з тэхнікай. Судзір і прытапіць можа, і калі павее холадам смерці з прадоння, калі ад удушша забліскаюць вогненныя кругі ў вачах, на ўсё пойдзеш — абы вынырнуць, абы ўхапіць паветра. І крыўдна зрабілася Янгу, што Дзік зробіцца рахманы і пакорлівы, што будзе як той раб-катаржнік паслухмяна ныраць з чарпалкаю, паслухмяна выносіць Судзіру на плыт залатаносную пароду.
«Дык вось якія ў Судзіра сакрэтныя прыёмы дрэсіроўкі!.. Вось чаму не хацеў, каб хто бачыў яго ў гэты час… А хіба ж можна спакойна глядзець, як дэльфіна топяць і душаць?!»
«Не здагадваецца Дзік даць задні ход… Мо дэльфіны не ўмеюць плаваць задам наперад? Мог бы гэтак пятлю садраць, вылузацца…»
«Кат! Вылюдак!.. Сволач! — праклінаў Янг Судзіра. — Гэтак і загубіць можна чалавека!» Шаптаў «чалавека», а думаў пра Дзіка.
Урэшце дрэсіроўшчык і Дзік вынырнулі. Дэльфін шумна, як не са стогнам выдыхнуў — Янг добра пачуў. Відаць было, што абодва змораныя дашчэнту. Аднак Судзір усё яшчэ трымаўся рукою за пятлю, круціў, падтужваў. Павёў Дзіка да плыта, а падвёўшы, узяў з дошак апошнюю, трэцюю чарпалку, націснуў ручкаю на зубы Дзіка сілком. Мабыць, таму добра забалела, бо не вытрываў, расшчапіў рот… Тр-р-р… — ручка пералічыла зубы дэльфіну. Судзір выштурхнуў з рота загубнік: «Аб!» — і зноў ухапіў загубнік у рот, штурхануў Дзіка зверху, прымушаючы нырнуць. Дэльфін, аднак, паўтарыў свой Мансур, уздыбліваючыся на хвост і вытручваючыся — ажно Судзіра прыпадняў з вады. Але ўжо тае сілы, з якою шпурнуў папярэднюю чарпалку, не было. Проста выпхнуў ручку з рота, і чарпалка, падаючы, трэснула Судзіра па галаве, каўзанулася і знікла пад вадою.
Судзір раз'юшыўся. Ухапіўся за пятлю праваю рукою, а леваю — за спінны плаўнік. Рвануў пятлю з Дзіка і пачаў сцёбаць ёю па галаве, па вачах, па роструме… Дзік неяк узвізгнуў, крутнуўся верацяном, збаўляючыся ад мучыцеля, затым скокнуў угору, шумна пляснуўся ўсёй тушай. Дэльфіны, якія тоўпіліся ў цёмным закуце храма, раптам прапалі з вачэй, зніклі пад вадою.
Судзір, кашляючы, узабраўся на плыт. Сеў на краёчак, цяжка дыхаючы. Потым сарваў з сябе маску, зняў ласты, зняў акваланг, яшчэ пасядзеў, угнуўшыся, абапіраючыся рукамі абапал і неяк ненатуральна тапырачы локці. І раптам штосьці надумаў ці на штосьці рашыўся. Згроб плёнчаты мяшок з трыма рыбінамі ў ваду (Янг, скормліваючы рыбу, зрабіў на гэты раз хітрэй: і пакінуў крыху ў мяшку, і паклаў яго так, быццам гэта ён сам перакуліўся, а рыба пападала ў ваду). Рашуча ўстаў — стомы як і не было. Провад з лямпачкай, які злучаў плыт з пляжам, за час валтузні моцна правіс, сярэдзіна яго апала ў ваду. Паддаючыся цяжару проваду, плыт яшчэ больш выплыў з Храма. Судзір, устаўшы, пачаў паволі цягнуць провад на сябе, паскараючы ход плыта. Сярэдзіна проваду час ад часу пляскала па вадзе, але ў руках дрэсіроўшчыка рабілася ўсё больш і больш петляў-віткоў.