Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 234
Павел Андреевич Мисько
І Піт, і «стары» ўвесь час пакручваліся так, што можна было бачыць толькі іхнія зацягнутыя ў бліскучыя касцюмы спіны і патыліцы, зрэдку — тарбаватыя, абціснутыя шлемамі шчокі. У Судзіра касцюм без шлема, дрэсіроўшчык сядзеў тварам да Янга, і калі нешта знаходзілася, уставаў, працягваючы далоні да лямпачкі. Ніводзін мускул не ўздрыгваў на яго твары, усхваляванасці сваёй не паказваў.
— Ну — добра, пераканалі…— канчаткова ўстаў Судзір. — Толькі прашу плыт аддаць у поўнае маё распараджэнне. І каб пабочных каля мяне не было.
— Як — пабочных? Што вы хочаце гэтым сказаць? — разам насцярожана сказалі Піт і «стары».
— Вы не так мяне зразумелі. Калі я працую з дэльфінамі, больш нікога каля мяне не бывае. А то ў дэльфінаў рассейваецца ўвага, яны нервуюцца, не слухаюць загадаў і гэтак далей.
— Вунь што… То мы можам каля вадаспаду папрацаваць. Салют! — падняў руку Піт.
— Просьба невялічкая… Рыбу забылі там… — Судзір махнуў у бок пляжа. — Не ў службу, а ў дружбу — дастаўце сюды, га? — голас яго быў амаль сяброўскі.— Чарпалкі пакіньце тут, астатняе… — Судзір матлянуў рукою, нібы згроб з плыта ўсё начынне. — Анучку пакіньце… Няхай дэльфіны панюхаюць, чым яно пахне.
— Судзір, дэльфіны — не сабакі… І золата не пахне, — зазначыў Піт.
— Пахне, сябры, пахне.
«Стары» прывалок на плыт празрысты мяшок з рыбаю, а некаторыя рэчы былі часткова перапраўлены на пляж, а часткова ўзяты «старым» і Пітам з сабою. Судзір перастаў трымацца за кій з лямпачкай, які быў прымацаваны да краю плыта і ад тузаніны хістаўся і нахіляўся, і сеў, звесіўшы ласты ў ваду. Лямпачка апынулася ззаду ў яго, і твар Судзіра быў у паўзмроку.
Сядзеў даўгавата, нібы прыкідваў, што рабіць, з чаго пачынаць. А мо яму не хацелася ўвогуле распачынаць, мо расчараваўся ва ўсім? Адхіліўся назад, вобмацкам узяў мяшок з рыбаю, падцягнуў і паклаў побач. Потым паволі нагнуўся да чарпалкі, узяў там штосьці, загорнутае ў анучку, паволі разгарнуў. Мо залаты пясок? Было яго там мала, бо ўглядаўся ў яго здалёк і зблізку, нібы нюхаў, ці пахне, торкаў у анучку і разглядаў тое, што прыліпла да пальца, паварочваючыся да лямпачкі так, што Янгу быў відаць увесь яго твар. Не было ўжо на твары спакою, ён перасмыкаўся, а вочы ліхаманкава блішчалі. Браў наліплае з пальца на язык, дробненька цаляў зубамі, потым асцярожна пасплёўваў крупінкі назад у анучку. Завязаў крыж-накрыж, паклаў з левага боку. А справа, не гледзячы, узяў з мяшка рыбіну, вочы ў гэты час шнарылі па вадзе, намацвалі ледзь прыкметныя спіны з плаўнікамі. Дэльфіны марудна праплывалі то далей, то бліжэй, стрымана фукалі паветрам, часам высоўвалі галовы і застывалі на месцы, разглядваючы Судзіра, нібы пазнаючы яго ці прынюхваючыся.