Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 232
Павел Андреевич Мисько
Ад такое навіны Янг клыпае вачыма і прачынаецца, сэрца бунтоўна грукае, пульс балюча б'е ў хворае вуха. Янгу ўжо страшна засынаць зноў, каб не ўбачылася якая непатрэбшчына. Дрымота сама знаходзіць яго, злеплівае павекі, падсоўвае новыя кашмары. Быццам хтосьці балюча сціскае Янга за ногі і суе галавою ўперад у пухірковую заслону, каб адчыкрыжыла галаву… Скрабуць лапкамі і клюшнямі крабы, амары, лангусты, ідуць на яго ў наступ… У шуме Янг нават адрознівае асобныя крыкі крабаў: «Янг ужо здох! Здох і лапкі выцягнуў! Сюды ўсе, сюды! Вялікая спажыва будзе! Не параўнаеш з рыбаю!»
Калі ж пачуў на самай справе жывыя галасы людзей, уздыхнуў з палёгкаю: дзякуй Вішну, скончыліся пакуты-кашмары. «Я — жывы, і новы дзень настаў… Што прынясе новы дзень?»
Слоў людзей яшчэ не разабраць, галасы задыханыя, зрываюцца. Людзі толькі што павымалі загубнікі з рота. Янг цікуе з-за бруствера і лічыць чорныя, ледзь прыкметныя галовы тых, што вынырнулі з-пад вады: раз… два… тры… Трое ўсіх? Не, вунь і чацвёрты, вылазіць на пляж са скруткам чорнага гуміраванага дроту і лямпачкай на канцы. Галасы некаторых здаюцца знаёмымі, адзін дык нават і вельмі…
«Судзір!.. Вунь той, самы меншы… Апошнім на пляж вылазіць. А самы большы — «стары», учора быў на плыце. І Піт, ён учора тырчаў з камбарына… Запрасілі-такі Судзіра, не абышліся без яго…»
Вось ужо ўсе топчуцца на пляжы, шлэпаюць ластамі. Ад чорных, нібы паліраваных касцюмаў адблісквае лямпачка. Той, што з дротам, адразу прыступіў да работы, пачаў забіваць у сцяну крук.
Янг пачаў супакойвацца, штосьці адлягло ад сэрца. Быццам убачаная рэальная небяспека — Судзір — перастала быць небяспекай. З гэтага моманту Янг цалкам ператварыўся ў зрок і слых. Не ўсё дачуваў з таго, што гаварылася, не ўсё разбіраў з пачутага, не ўсё разумеў. Гаварылі, як і тыя дні, па-англійску, штосьці загружалі на плыт, а штосьці — з плыта на пляж. Янг паспрабаваў падстаўляць свае словы замест недачутых, каб улавіць сэнс. І штосьці атрымлівалася, хоць мо і не зусім тое, што гаварылася.
Голас Судзіра:
— Ну й… (страхоцце) у вас тут!.. І людзям, не толькі дэльфінам. А дэльфіны… (пячор не любяць).
Піт:
— На жаль, так… (Лепшых умоў) ім стварыць не можам. Каб былі добрыя ўмовы… (то і без дэльфінаў абышліся б).
— І як вы іх сюды… (заперлі)? — зноў Судзір. — Давалі… (на сон ці наркоз)?
Піт:
— Прафесійны сакрэт. «Стары»:
— Я чытаў: дэльфіны наркозу… (не вытрымліваюць). Не прачынаюцца… А ў дадзеным выпадку маглі ўтапіцца.
Піт:
— Слухайце ўводныя дадзеныя… Сюды… (дэльфіны падплываць) не любяць. Яны і на адлегласці… (адчуваюць ультрагук; пухірковую заслону). Займайцеся з імі з плыта, плыт можна… (адагнаць далей адсюль; загнаць у Храмавы грот)… на месца работы. З пераноснай лямпачкай.
Судзір:
— Як выглядае слон, навобмацак не пазнаеш. А я хачу не толькі памацаць золата… (але і пабачыць). Каб ведаць, ці варта займацца.