Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 230
Павел Андреевич Мисько
— Нікуды. Я толькі дазволіў дадому пазваніць, хворыя ў яго дома, — еў вачыма гарбаносага афіцэра паліцэйскі.
— Пракляцце!.. А што ён гаварыў — не чуў?
— Нічога такога… «Бацька захварэў… Схадзі ў аптэку па лякарства, а то я заняты».
— Капшукі праклятыя! Нічога нельга даручыць… — вылаяўся афіцэр. — Пільнуй яго добра! — прыкрыкнуў на разяву паліцэйскага, і той задраў крысо пінжака, падтыкнуў яго за кабуру з пісталетам, а саму кабуру расшпіліў і трымаў правую руку на ёй. — А вы ламайце дзверы! Не бойцеся, пад маю адказнасць… — загадаў афіцэр Абрахамсу.
— Ага… Я сякеру толькі…— Абрахамс, божкаючы, патрухаў да свайго склада.
Але рукі ў Абрахамса трэсліся, рады дзвярам даць не мог. І тады ўзяўся за работу адзін з прыезджых паліцэйскіх — засунуў лязо ў шчыліну паміж вушаком і дзвярыма, ламануў.
Доўга і шукаць не трэба было. Цацкі ляжалі ў скрынцы пад канапаю. Блакітныя дэльфінчыкі на ружовай каробачцы-падстаўцы. Сем штук… Выклалі іх на стол, і афіцэр кожнага ўзважыў у руках, кожнага патрос каля вуха. Пустыя! Для пэўнасці раструшчыў аднаго абцасам на падлозе — пуста… Больш нічога падазронага паліцэйскія не знайшлі, і афіцэр незадаволена пабарабаніў пальцамі па стале. Абдула парываўся сказаць, што той дэльфінчык, які ён знайшоў у «Марской лініі», крыху не такі па колеру. Але Радж прытрымаў яго за плячо: «Не спяшайся…»
Афіцэр узяў з акна празрыстую шматкантовую круцёлку-барабан, з якое Судзір, пакруціўшы, даставаў трубачкі латарэек для гледачоў. Адсунуў убок празрыстую накрыватку, выняў жменю паперак. Разгортваў адну за другою, хмыкаў, потым не вытрываў, пачаў чытаць уголас:
— Трэці рад дванаццатае месца… Сёмы рад чацвёртае… Зноў трэці рад дванаццатае… Дванаццаты дзесятае… Сёмы рад чацвёртае… Адны і тыя ж месцы панапісваны… Не, во і новае ёсць — пяты рад дваццаць першае. Новым, відаць, пустыя раздае… Яны і па колеру крыху адрозніваюцца… Та-а-ак, цяпер застаўся кабінет. Ключоў, канечне, нікому не пакідаў?
— Не, — пацвердзіў Абрахамс. — Новыя парадкі… А раней, пры Крафце, адзін ключ быў каля вартаўніка ў прахадной. Я памяняў учора ўсе замкі там, Судзір загадаў.
— Значыць, сякера спатрэбіцца. Пайшлі туды, пратакол — потым.
Паліцэйскі, што пільнаваў вартаўніка-навічка, быў каля лаўкі насупраць Раджавай каморы. Навічок сядзеў — рукі на патыліцы — на лаўцы спінаю да дзвярэй, ногі спушчаны пад спінку, у кусты. Паліцэйскі ўсё трымаў на кабуры руку.
Сякеру пускалі ў ход двойчы, адчыняючы дзверы ў калідорчык і ў кабінет. Рабіў гэта той самы паліцэйскі, што і «рэзідэнцыю» ўзломваў, рабіў спрытна, вопытна. Як зайшлі, Радж, Абдула і Абрахамс моўчкі пастаялі каля дзвярэй — як панятыя. А паліцэйскія ўскрывалі шуфляды стала, заглядвалі пад дывановую дарожку, перакульвалі, абстуквалі і абмацвалі мяккае і звычайныя крэслы, ускрылі і паставілі перад афіцэрам на стол Судзіраў «дыпламат». Афіцэр дастаў з чамаданчыка кімано, мыла, мачалку, туалетныя дробязі. Заставаўся неагледжаны сейф, ён замкнуты быў на два замкі, дзве дзірачкі ад ключоў прыкрыты стальнымі язычкамі-вяртушкамі. Паліцэйскі паклаў сякеру на стол, дастаў з-за пазухі, з-пад рукі «пушку», запытальна зірнуў на афіцэра. Той згодна кіўнуў. Тры аглушальна-звонкія стрэлы пачуліся адзін за другім. Гарбаносы нават у вуху паказытаў… Той, што страляў па замках сейфа, зноў пусціў у ход сякеру…