Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 231

Павел Андреевич Мисько

Дэльфінчыкі ў сейфе былі — сінія, на ліловых каробачках-падстаўках. Якраз такія, як той, што Абдула знайшоў у гатэлі. Пяць штук… Афіцэр узважыў адзін у руцэ, другі… Перабраў рукамі ўсе — на твары было задавальненне.

— Адзін кілаграм гераіну — паўмільёна долараў! Адпілуй ражок у якім-небудзь, — папрасіў ён паліцэйскага, што выграб з сейфа на стол яшчэ і кучу папер, некалькі пачак долараў. Афіцэр прысеў у крэсла перад Судзіравым сталом, пасунуў бліжэй да сябе паперы, пачаў праглядваць іх. За сталом на месцы Судзіра сядзеў другі паліцэйскі і хутка-хутка пісаў, час ад часу запытальна ўскідваючы вочы на гарбаносага, чакаючы, што ён прадыктуе. Пачаў, мабыць, складаць пратакол.

З надрэзанага ражка падстаўкі і праўда сыпнуўся жаўтлявы парашок. Паліцэйскі нацерусіў яго крыху на далонь, панюхаў сам, паднёс панюхаць гарбаносаму афіцэру. Нават Абдуле сказалі панюхаць, нібы якому крымінальнаму эксперту-хіміку: «Такі?» І ён аўтарытэтна пацвердзіў: «Такі… Усё такое…»

Калі ўрэшце пакінулі кабінет, спусціліся ўніз, убачылі: каля лаўкі ляжыць, скурчыўшыся, прыціскаючы рукі да жывата, той паліцэйскі, што пільнаваў навічка-вартаўніка. Стагнаў жудасна, не распінаючы зубоў — мабыць, у яго была разбіта пячонка. Клапан кабуры тырчэў, як сабачае вуха, а ў кабуры было пуста. Навічок знік разам з пісталетам паліцэйскага.

Раздзел сёмы

Мо ніхто з лагернікаў так не чакаў з'яўлення Судзіра, як Янг. Ад хвалявання і думак доўга не мог заснуць, а потым не то спаў, не то галюцыніраваў наяву. Часам кідала то ў пот, то ў дрыжыкі, апаноўвала млявасць. Балелі вочы, торгала, калола вуха.

Калі ўрэшце задрамаў, то сасніў натоўп людзей. Шуміць натоўп, перакатваецца па ім гул, людзі напіраюць адзін на аднаго, ірвуцца хутчэй да храма. Быццам гэта той самы храм на Галоўным, куды яны прыйшлі пакланіцца Вішну. У натоўпе таўкуцца, топчуць адзін аднаму ногі бацька, Ганеш і дзед Амос. Не бацька нясе кавадзі, а ён, Янг, хоць самы малы і слабейшы. Сагнуўся Янг пад цяжарам у тры пагібелі, рама муляе плечы, шыю нібы хто скручвае, як той курыцы. «Ідзі! Ды хутчэй жа ты, не марудзь!» — падштурхоўвае Янга ў спіну Ганеш. «Ідзі, ідзі! Заснуў?» — Амос і бацька таксама падпіхаюць яго, шчыпаюць ад злосці: «З-за цябе можам спазніцца! Усю літасць Вішну параздае!» А вось ужо здаецца, што Янг на базары разам з сіньёрай Тэрэзай. Снуюць між бясконцых радоў, якіх нарабілі са сваімі таварамі прадаўцы. На голай зямлі, на цыноўках, на подсцілках, на лаўках, табурэтках, на століках, на прылаўках, узбітыя на шасты, развешаныя на галінах і вераўчаках, вісяць і ляжаць дары лесу, поля, агародаў, плантацый, мора. «Туцці-фруцці! — няспынна паўтарае сіньёра. — Туцці-фруцці!» — І ўсё грабе да сябе, валіць на спіну Янгу, на плечы, чапляе на шыю, на пояс, ставіць на галаву — «Нясі ў гатэль!» І раптам ужо не італьянка, а бацька суе яму на рукі пярэстую свінку: «Гэта наша, бяры! Нясі ў гатэль! У апартамент сіньёры! Яна будзе табе за маці!»