Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 229

Павел Андреевич Мисько

— А так не здарыцца, што спалім сто факелаў, а зловім адну жабу? — сказаў начальнік паліцыі Рая афіцэру з Галоўнага. Меў на ўвазе розгалас, які абавязкова пойдзе далёка і можа пашкодзіць прытоку турыстаў.

— Мне не жаба трэба! Судзір трэба! Жывы! І чым хутчэй! — накрычаў на яго афіцэр.

…Уляцелі ў дэльфінарый па заліву. Рулявы так крутнуў руль, што катэр ажно ўссунуўся на бераг — каля самага яліка з Абрахамсам. Ялік так гайданула хваляю, што стары ледзь потырч не паляцеў, выкуліў за борт вялізную місу рыбы. Устаў, разявіўшы ад здзіўлення рот, ды так і стаяў, пакуль усе не пасаскоквалі на зямлю. Апошнімі — Радж і Абдула.

— Вы — з намі,— загадаў гарбаносы Абрахамсу. — Хто яшчэ ёсць у дэльфінарыі?

— Ёсць. Дворнічыха каля малой арэны. Прыбірае там, чарапаху корміць… У прахадной — вартаўнік… Новы сёння, другі раз толькі яго бачу, — Абрахамс хоць мо і здагадваўся, што за людзі высадзіліся, але запытальна глядзеў на Раджа, і той шапнуў:

— Паліцыя, дзядзька…

— Новы? — зацікавіўся гарбаносы. — Тады так: пойдзеце па яго вы і вы! — патыцкаў пальцам у грудзі Абрахамсу і аднаму паліцэйскаму. — Паклічце яго сюды… У размовы з ім не ўступаць, нікуды не адпускаць ні на крок.

Абрахамс у суправаджэнні паліцэйскага знік у алеі. Гарбаносы афіцэр, аглянуўшыся па баках, нібы арыентуючыся на месцы, пытаў: «Гэта куды вядзе?» — ківаў на бамбукавую лесвіцу. «А што там?» — паказваў на трое дзвярэй — у склад Абрахамса, у Раджаву камору, у душавую. Радж патлумачыў. Дайшлі да басейна, афіцэр крутнуўся і адразу ўбачыў дзверы «рэзідэнцыі»: «Тут?» Радж кіўнуў, дзівячыся: «Цёрты гэты афіцэр… І растаропны». Афіцэру далей не стаялася, хадзіў па два крокі туды-сюды, кідаў вачыма па трыбунах, па дэльфінах, а думкі яго, відаць, былі не тут. Паліцэйскія не падыходзілі да яго, паселі на лаўку насупраць Раджавай каморы.

І вось паказаліся з алеі Абрахамс і новы вартаўнік. Ішлі яны побач, а паліцэйскі — на два крокі ззаду. Пакуль падыходзілі, Радж разглядваў навічка: па выгляду падобны на японца ці кітайца, не такі сілач, як Алі, але сшыты моцна; па лёгкаму спружыністаму кроку можна вызначыць — спартсмен. І раптам Радж пазнаў яго: бачыў некалькі разоў на трэніроўках у Ромеша. Праўда, не на саміх трэніроўках, а сустракаліся ці ў раздзявалцы, ці ўжо на лесвіцы з падвала, займаўся новенькі каратэ ў змене, якая канчалася перад Раджавым прыходам.

— Усё нармальна? — насцярожана паглядзеў афіцэр на паліцэйскага, які так і спыніўся за спінаю навічка. — Нічога не гаварыў, нікуды не адпрошваўся?