Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 219
Павел Андреевич Мисько
— Ні долара, Піт, я ж сказаў. Мне не эксперыменты трэба, а работа, работа… І ўлічы: мае выдаткі з кожным годам растуць, а даходы… А даходы пакуль што не. Вось — давялося гэтую ламачыну купіць.
— Чаму ламачына? Добрая яшчэ пасудзіна.
— Пазаўчарашні дзень. Праз пятыя рукі дастаў… Ездзіў сам у Вест-Палм-Біч, сустракаўся з шэфам «Перы кабмарын компані», таргаваў новую кабмарын. Не дакупіцца! Цяперашнія малюткі за гэтую і запас ходу маюць у некалькі разоў большы, і глыбіню пагружэння большую, і магутнасць акумулятараў, і хуткасць. У маёй каля 15–20 вузлоў, а ў новых — трыццаць. Транспартаваць іх можна на палубе іншых суднаў, у дэсантным караблі-доку. У нашу малютку толькі два чалавекі могуць забрацца, а ў тыя — па тры. І люк у тых ёсць спадыспаду, можна проста на грунт выходзіць у аквалангах.
— А як вы гэтую «ламачыну» даставілі сюды? Столькі тысяч кіламетраў.
— Ваенныя памаглі, да самага Біргуса прытарабанілі. Ну, а ў межах архіпелага сваім ходам хаджу. Абяцалі ваенныя трохі мадэрнізаваць нашу малютку: рухавік дызельны паставяць, генератар току, лопасці вінта заменяць.
— Не за так жа, не за добрае слова?
— Вядома ж! «Ты мне, я — табе». Будзем дзяліцца з імі сабранаю інфармацыяй. Шкада, пячора гэтая малая… А то можна было б і за яе патаргавацца з імі, уступіць потым.
— Яны і такую з радасцю схопяць. Тут пры жаданні можна добрую схованку зрабіць: і на атамную зброю, і на хімічную, і на бактэрыялагічную.
— Хопіць пра гэта. І кажаны могуць падслухаць. «Кажаны… — пасміхнуўся ў гэты час Янг. — А я?
А тыя двое, што на плыце былі? Ці ад іх яны не хаваюцца? Капошацца нечага на пляжы, і плыт там прычалены…» PERRY CUBMARINE, не нагружаючыся і не разварочваючыся, паціху пасунулася па вадзе ў бок крабавага пляжу.
«Добрая пасудзінка… — уздыхнуў Янг, зайздросцячы. — От каб мець такую падводную лодачку. Я б тады… Тады б я…» — а прыдумаць, што ён рабіў бы на ёй, так і не мог. Занадта многа было жаданняў. Перш за ўсё, канечне, выплыў бы на ёй адсюль. Мабыць, лодцы тыя пухіркі зусім не страшныя. У яе корпус сталёвы ці з такога металу, што вытрымлівае пад вадою вар'яцкі ціск. Што ёй нейкія там бурбалкі! Але, паразважаўшы, прыйшоў Янг да другое думкі. Не палезе лодка ў тыя пухіркі — нашто рызыкаваць такою дарагою рэччу? Аператар з лагера адключае заслону. Гэтак і для аквалангістаў робіць. Знімуць у пячоры тэлефонную трубку, а з лагера — «Хэлоў? Майкл каля апарата!» А яны яму: «Праз мінуту адключай, ідзем на выхад». А мо скарыстоўваюць які пароль? Не, наўрад ці… Аператар і так ведае іх голас, ведае, хто ў пячоры ў дадзены момант знаходзіцца.
«От каб забраўся ў лодку — і шморг з ёю… Ага, забярэшся, а як выбрацца? Цапнуць за шкірку і выкінуць у моры акулам… Можа, на лодку? Прыгнуцца за тою рубкаю-будкаю, сесці верхам… Калі і не адключаць пухірковую заслону, дык корпус абароніць…» Хацеў ужо спускацца да вады і стрымаўся: «Дурань… А ты ведаеш, з якою хуткасцю яны паплывуць па гэтым праходзе? Мо яшчэ марудней, чым я сам. Захлынешся як бач, не хопіць духу. Ды яны і ўбачаць цераз акенца, як я сяджу, знарок прытармозяць, каб захлынуўся, адна маска нічога не паможа. Гэта каб акваланг сцібрыць…» Але зноў падумаў, падумаў і рашыў, што і акваланг не паможа. «Залезеш з аквалангам на лодку, а тыя ўбачаць, дадуць задні ход. Ураз зловяць!»