Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 218

Павел Андреевич Мисько

— Значыць, не сіфон? — Янг разабраў: гэта сказаў той, што тырчаў з першага люка і паварочваў фару.

— Не! — адказаў задні.— І мы спачатку думалі — сіфон. А потым глядзім — дзірка ў скляпенні…— і паказаў рукою ўгору міма вуха пярэдняга.

— Куды вядзе пячора — не даследавалі?

— Нікуды, вы ж самі свяцілі, бачылі. Чатыры затокі, гэтая самая большая.

— Лічы — грот, а не пячора.

— Не кіем дык палкаю. А глыбока тут… У гэтай — футаў сто восемдзесят, у тых — па трыццаць — пяцьдзесят.

— Гэта тут вы чэрпалі пробы?

— І тут, і там, дзе вадаспад. А дзве затокі яшчэ не даследавалі.

— А варта займацца?

— Думаю, што варта. Нават калі не ўдасца эксперымент з дэльфінамі, то будзем самі. Аквалангаў толькі больш трэба, у нас усяго тры.

— Выдаткі, выдаткі… І на дэльфінаў дарэмна раскашэліліся.

— Шэф! Мы на іх ні долара не патрацілі.

— Растлумач, калі ласка.

— Правялі адну аперацыю, бамбанулі дэльфінарый на Раі.

— Хвост завяз?

— Чыста! Прыязджала паліцыя, мы ім акваторыю лагера паказалі — глядзіце, шукайце. А пра пячору ніхто не ведае.

— Ну і што?

— Вы пра што?

— Пра дэльфінаў. Ёсць ад іх карысць, кармёжку хоць апраўдваюць?

— Яшчэ ні разу іх не кармілі. Тут хапае ім і рыбы, і крабаў, і лангустаў, а каля выхаду — і малюскаў. Самі харч здабываюць.

— Та-а-ак… Не падабаецца мне справа з дэльфінамі. Можаце паставіць пад пагрозу ўсю справу.

— Шэф, усё будзе о'кэй. Праўда, без дрэсіроўшчыка капрызяць. Ён з імі займаўся на Раі, вучыў чэрпаць пароду на дне, выносіць наверх. Па маім заданні… Поспехі былі ўжо.

— Та-а-ак… І тут хвост завяз, яшчэ і дрэсіроўшчыка ўблыталі. Улічыце, Піт: калі што здарыцца, адказваеце галавою.

— Шэф, усё будзе о'кэй, вось пабачыце. Дазвольце толькі яго ўзяць у долю, каб ён і тут з дэльфінамі займаўся.

— Ты думаеш, пра што гаворыш?

— Думаю, а як жа.

— Думаеш, толькі не галавою. А як нічога не дасць забаўка, з дэльфінамі? Усе карты адкрылі… гэтаму твайму дрэсіроўшчыку.

— Гэта не мой, а дэльфінячы… І я думаю ўсё-такі галавою. Калі нічога не атрымаецца з дэльфінамі, Судзір адсюль не выйдзе жывы.

— Гэта хто такі — Судзір?

— Той самы дрэсіроўшчык. А зараз ён ужо і гаспадар дэльфінарыя, Крафт збанкрутаваў. Такія апошнія весткі.

Ад такое навіны Янг ажно ўстаў, забыўшыся на ўсё. Але спахапіўся і зноў прыліп да скалы — добра, што не зірнулі ў яго бок.

— Та-а-ак… Ну што ж — пад тваю адказнасць.

— Дык на які працэнт згаджацца?

— Лічы сам. Я фінансую ўсю справу, мае пяцьдзесят пяць працэнтаў здабычы. Твае дзесяць, рэшта — для астатніх. Чым больш набярэш людзей, тым менш прыпадзе на вас. Вось са сваіх сарака пяці працэнтаў можаце і кінуць яму костку.

— На голую костку ён не згодзіцца. А не запрасіць — занадта многа ён ведае, пра многае здагадваецца. Нас цяпер шэсць з вамі, з ім будзе сем. Калі толькі нам з ім дзяліцца, а вы ўбаку, гэта будзе несправядліва, шэф. Я ж клапачуся пра агульныя інтарэсы, пра вашы даходы. Але чаму мы адны павінны ўзяць на сябе Судзіра? Да вас пацячэ рака, да нас нейкія струменьчыкі, дый тыя трэба дзяліць. Шэф, уступіце тры працэнты са сваёй долі!