Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 217

Павел Андреевич Мисько

— Не ліхтар сапхнулі, а тэрмас… Тэрмаса няма! — той, што стаяў з ліхтаром, няўклюдна затупаў ластамі, свецячы вакол плыта на ваду. — Нідзе не плавае.

— А тэрмас і не маглі сапхнуць, я яго ў рэшата клаў. І добра памятаю гэта, можаш не пасміхацца! Ведаеш, у пячорах часам пасяляюцца гіганцкія васьміногі. Для іх тут добрая схованка… Васьміног можа шчупальцамі чаго хочаш нарабіць.

— Перастань… А то я больш у ваду не палезу.

— Палезеш, нідзе не дзенешся.

Яны папрысядалі каля чарпалак, пачалі грэбціся. Потым застаўся на плыце адзін, а другі з ліхтаром на грудзях і чарпалкаю ў руках каўзануў за борт. Той, што застаўся, зняў з-за плячэй акваланг, асцярожна паклаў на дошкі. Памахаў трохі рукамі, паразгінаўся, націскаючы аберуч на сярэдзіну і віляючы клубамі. Высыпаў з чарпалкі друз у рэшата…

«Знаходзяць яны што ці не? — млява падумалася Янгу. — Каб знаходзілі, то мо крычалі б ад радасці…»

Абрыдла яму сачыць за маніпуляцыямі таго, што на плыце. Не бадзёрасць адчуваў Янг ад кавы, а наадварот — захацелася спаць.

Споўз у лагво, падклаў локаць пад галаву. Яму ўсяму зрабілася цёпла і ўтульна, нават каменная пасцель здалася не такой халоднай і мулкай.

2

Спачатку спаў без сноў. Потым сны, мабыць, былі, нават кашмарныя, бо колькі разоў прахопліваўся ад жаху, але супакойваўся і зноў засынаў.

Потым прачнуўся канчаткова. Недзе чуваць была невыразная, з вялікімі паўзамі размова… Скляпенне пячоры не губляецца ў пракаветнай цемры, а шарэе, можна разгледзець навіслыя глыбы, няправільныя, нібы зламаныя аркі. Недзе імкліва праносіцца, слізгае сліпучае святло, бо нават яго водбліскі на камянях столі балючыя для вачэй. Звярыны інстынкт асцярогі прымусіў Янга не ўсхоплівацца адразу, не вытыркацца. Ён прыкінуў, дзе можа быць тая моцная крыніца святла, перавярнуўся на жывот і пластом папоўз да бруствера. Потым лёг на бок, задраў, закасаў рагожны падол, прыкрыў ім твар і вочы, каб не так рэзала святло. Нават праз мярэжу валокнаў глядзець было балюча.

Плыта ў Храмавым гроце не было. Каля ўваходу ў яго плавала штосьці доўгае і тоўстае, разы ў тры-чатыры даўжэйшае за Дзіка. Ні носа, ні хваста не відаць, яны занураны ў ваду. Спіна шэра-срабрыстая, ледзь узвышаецца над вадою. Затое надбудова — у паўроста чалавека. Яна размешчана пасярэдзіне, дзе ў дэльфінаў спінны плаўнік. У гэтай надбудове-кабіне Янг налічыў пяць вокнаў-ілюмінатараў, размешчаных у адну лінію. Шостае акенца крыху відаць спераду, над гэтым акенцам рухалася туды-сюды круглая фара, і гэта з яе святло рэзала, нізала прастору, скакала па скляпенні, слізгала па вадзе. Зверху кабіны-рубкі былі два люкі, і ў гэтых люках відаць былі да пояса два чалавекі — у звычайным адзенні, не ў гідракасцюмах. Фара ўрэшце тухне, супраць яе зыркасці і сліпучасці акенцы, здаецца, ледзь тлеюць. Янг паступова разбірае на баку плывучага цела чырвоны надпіс: PERRY CUBMARINE. «Кабмарын, кабмарын… Падводная лодка! — здагадаўся Янг. — Але хіба бываюць такія малыя падводныя лодкі?!» Ён адкідвае з твару рагожу, глядзіць ужо без яе, услухоўваецца.