Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 221
Павел Андреевич Мисько
— Вы сваю праграму рыхтавалі амаль тры месяцы, і ў вас ужо быў вопыт дрэсіроўшчыка.
— Вы забываеце, што ў мяне не было з кім раіцца, не было настаўніка. А ў вас ёсць — я.
— А хто будзе вадзіць на падводныя прагулкі, рыхтаваць увесь рыштунак?
— Няхай гэта вас не турбуе. Возьмем новага чалавека, нават не аднаго. Трэба ставіць усё на шырокую нагу. У нас не было дасюль падводнага палявання — і гэты від пацехі прадаставім, хай забаўляюцца. Цяпер пра асістэнта… Самі не падбірайце, я вам дам чалавека.
— Вы так пра ўсё гаворыце, быццам я ўжо згадзіўся.
— А вам нічога не астаецца рабіць. Такая работа нідзе не валяецца — гэта па-першае. А па-другое, не згодзіцеся дрэсіроўшчыкам, я вас і ад падводных прагулак зволю, і ад надводных. Ідзіце на ўсе чатыры бакі… Дзівак, ды хто іншы ў ногі ўпаў бы, каб падзякаваць, што даю такую работу, павышаю зарплату.
— Я ні перад кім яшчэ не падаў і не збіраюся падаць.
— Вы чалавек з гонарам, я ведаю. Калі хочаце, я паважаю такіх. І не люблю слімакоў і мядуз… Каб я мог, то пакідаў бы жыць толькі моцных, валявых асоб, а ўсіх слабакоў і вырадкаў тапіў бы з каменем на шыі. Мы павінны за бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў вывесці і выхаваць такую расу людзей, каб у нашай дзяржаве былі толькі моцныя асобы.
— Хто гэта — мы?
— Мы — гэта таксама моцныя асобы.
— Штосьці я чуў такое: Еўропа… Гітлер… Расавая тэорыя. Другая сусветная вайна… Пяцьдзесят мільёнаў загінуўшых…
— Цябе палохаюць гэтыя лічбы? А мяне — не. От ты жыў на Біргусе… («А-а, не хапіла духу, пачаў «тыкацца»)… Мабыць, і агародзік быў у бацькі, і расло нешта на градках… Я таксама мару купіць бунгала… Дык вось, калі густа насеяна, дык там жа не расліны вырастаюць, а… Крывыя бляклыя нітачкі, якія не могуць даць ніякай карысці, не могуць нават пакінуць пасля сябе патомства… А каб і пакідалі, то каму патрэбна, скажы, такое хілабокае патомства? Таму добры агароднік выполвае з град пустазелле, потым прарэджвае пасевы, відавую праполку робіць… Чаму б і з людзьмі такое не рабіць?
— Прабачце, у мяне яшчэ шмат работы… — Радж непакойліва зірнуў на запясце левай рукі, нібы там у яго быў гадзіннік.
— Значыць, так: лічы, што мы дамовіліся.
— Містэр Судзір, я прашу вас, дайце мне і на заўтра вольны дзень.
— Вось ты гаворыш, што ў цябе яшчэ многа работы. Улічы, работы будзе з кожным днём прыбаўляцца. Я думаю ператварыць дэльфінарый у марынарыум, а то і мэрынлэнд. Будзе пабудаваны падводны тэатр з усякай марскою жыўнасцю. Нават русалак туды запусцім… Пару дзяўчат голенькіх, прыгожанькіх… Яны будуць цэлае падводнае шоу разыгрываць, пацяшаць. У Японіі штосьці падобнае ёсць, у Іоміуры. Але чаму павінна быць толькі ў Японіі, а не ў нас? Што мы — горшыя?
«Гэтаму крывасмоку Крафт і ў падноскі не варты…»
«Не шукай у змяі ногі», — правільна ў народзе гавораць. Судзір не проста чалавеканенавіснік, гэта — фашыст. І не маскіруецца нават, адкрыта прапаведуе свае ідэі, не хаваецца. А каго яму баяцца? Султан камуністаў у падполле загнаў, на Судзіраў не звяртае ўвагі. А ўся небяспека — ад такіх вось! Яны і султану потым пад бок дадуць, захопяць уладу…»