Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 216
Павел Андреевич Мисько
Янг спахапіўся: чым ён займаецца?! Жах… Зараз выплывуць аквалангісты… А дзе той тэрмас? Вунь, у другім рэшаце.
Ставячы ліхтар на старое месца, ледзь не сапхнуў яго ў ваду. Заціснуў тэрмас пад паху і плюхнуў жыватом на ваду, запрацаваў адною праваю. Да яго адразу падплыў Бобі, потым выперадзіў, развярнуўся, плюхнуўшы хвастом так, што Янг закашляўся. Хацеў мо сказаць — чаго паўзеш, як маруда-зорка?
Кашляючы, выбраўся на свой бераг. Клаў здабычу пад ногі і добра абмацваў дол, каб тэрмас не скаціўся ў ваду. У той жа момант пачуў за сцяною невыразныя, скажоныя рэхам галасы: выплылі аквалангісты. Добра, што паспеў уцячы… А што яны гавораць? Не разабраць… Адзеўшыся, перабраўся цераз бруствер, прыціскаючы тэрмас да грудзей. Заняў месца каля свайго наглядальнага пункта, слухаў, паглядваў, а рукі рабілі сваё — адвінчвалі накрыўку; зубы тузанулі корак, у нос паляцелі гарачыя пырскі. Наліў крыху ў накрыўку-кубачак, падзьмухаў — і зацмокаў, млеючы ад асалоды і цеплыні ў жываце.
— Бач, асмялелі без нас… Кружаць вакол плыта. Абодва аквалангісты сядзелі на кукішках на плыце адзін супраць аднаго, не знімаючы аквалангаў са спіны. Паміж імі на чарпалцы стаяў ліхтар.
— Я зараз вазьму рыбку, паманю, — устаў адзін на ногі, разгледзеўся. — Ч-чорт… Сапхнулі, мабыць, у ваду, вылазячы. Не бачу мяшка.
— А во, на рэшаце… Пусты.
— Я-як пусты? Там яшчэ кіло тры было! Я добра помню, што не клаў яго на рэшата!
— Стары, лячыцца трэба… Склероз — паганая штука.
— Пайшоў ты!.. Дурнем мяне лічыш, ці што?
— Ну дык дзе тады рыба? І хіба мяшок з нагамі, каб пераскочыць на рэшата?
Устаў і той, што называў другога старым. Падняў ліхтар, правёў святлом па вадзе, паўз сцены, каўзануў трохі па сценах, потым зноў па вадзе. У кружок трапіў магутны плаўнік, мо Дзікаў. Яшчэ раз промень ускінуўся на сцяну — каля самага Янга, і яму давялося нырнуць за грэбень.
— Не падабаецца мне ўсё гэта. Нячыстае тут месца… Недарэмна туземцы на возера не ходзяць. Многа сёння ўсякіх загадак. Выплывалі — ты бачыў, як агонь танцаваў, потым прапаў быў?
— Ну-у…
— Не падабаюцца мне такія фокусы… Слухай, а памятаеш, як Піт расказваў пра прадстаўленне? Дэльфіны выскоквалі на памост, укладваліся… Мо і цяпер пабывалі тут, пакаўталі рыбу.
— Ну але! Яны ў крайнім выпадку сцягнулі б мяшок у ваду і там трыбушылі б яго. А ён ляжыць пусценькі на рэшаце. Прытым… яшчэ і вывернуты! Ды каб яны скакалі на плыт, то ліхтар бы спіхнулі.
«А што вы яшчэ запяеце, калі ўбачыце, што тэрмас…» — не паспеў дадумаць Янг.