Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 201
Павел Андреевич Мисько
Прыхаваны Абдулою акваланг і балоны папашукалі б, каб не Тота. Абдула не мог уцяміць, куды завалок іх ноччу і закідаў ламаччам і лісцем. Але ўчулі тоненькае і хрыплае, як на апошнім дыханні, скуголенне сабачкі і пайшлі на голас. Убачылі яго і жахнуліся: Тота так наблытаў і накруціў за ноч павадок, што аброжак ледзь не задушыў за шыю. У многіх месцах павадок быў пагрызены, пажаваны.
— Бедненькі…— Натача разблытвала і пяшчотна лашчыла Тота. У сабачкі знайшлося яшчэ сілы, каб лізнуць яе ў нос. — Ты храбрэйшы за некаторых баязліўцаў.
— Знайшлі вартаўніка… Каб хто тут быў, то не прайшоў бы міма, павярнуў бы на скуголенне, — дадаў Амара.
Абдула моршчыўся і адварочваў твар, каб не бачылі вачэй.
Радж перш за ўсё абследаваў Янгаў акваланг. Ён быў без ніякіх пашкоджанняў, нават рэзервовае паветра было. Запасныя балоны таксама запраўлены як след — 150 атмасфер ціску.
Пакуль зрабілі з тых васьмі выратоўчых кругоў і дзвюх дошак штосьці падобнае на плыт, прайшло нямала часу. Складанасць была ў тым, каб умудрыцца ўсё звязаць, адмотваючы адзін канец ліня і не рэжучы яго на кавалкі: такога на астравах Вясёлага архіпелага не купіш, трэба спецыяльна заказваць у Малайзіі ці нават у Ганконгу. І трэба было ўмудрыцца, каб пайшло на звязку не больш дваццаці метраў. Астатняя, большая частка ліня паслужыць за выратоўчы канец. Прывяжуць яго, скажам, да пояса Амары, і Даял будзе сядзець на плыце, травіць патрохі, адпускаць — страхаваць хлопца. І будзе прыслухоўвацца, каб не прапусціць ні малейшага сігналу, патузвання. Тры рыўкі — тэрміновы пад'ём наверх. Падымаць трэба будзе хлопца з прыпынкамі-перадышкамі, каб не схапіў кесонку. Інструктаваў Радж Даяла і ўсё-такі баяўся, каб не нарабілася бяды яшчэ больш, Амара ж будзе спускацца пад ваду першы раз (тое, што ныраў у дзяцінстве ў лагуне Біргуса, — не ў лік). Быў момант, яшчэ як плыт вязалі, што Радж хацеў аб'явіць: «Сядзі, хлопча, і не рыпайся… Адзін палезу». Але зразумеў, што Амара моцна пакрыўдзіцца. Нашто ж тады было агарод гарадзіць, клікаць яго з сабою? Нашто было валачы ў горы столькі лішніх рэчаў, рыштунку, траціць грошы на насільшчыкаў? Мог бы Радж сам абплаваць усё возера, і плыт не спатрэбіўся б…
І вось па возеры марудна сунецца плыт. На ім сядзяць тры чалавекі, Радж і Амара ў камбінезонах і аквалангах, Даял — так. Грабуць і рукамі, і нагамі ў ластах, кіруюць у бок астраўка. Натача і Абдула глядзяць, каб быць упоравень з імі, карабкаюцца і па беразе ў бок паўднёвай стромы. То Натача, то ён не вытрымліваюць, галёкаюць зверху плытнікам, куды плысці, у які бок забіраць, каб трапіць акурат на тое месца, дзе ўсплыў і кружыўся Янгаў акваланг.
А потым яны садзяцца на самым беражку кручы, спускаюць уніз ногі і не зводзяць вачэй з плыта. Што там робіцца? Во — панадзявалі ўжо маскі, пабралі ў рукі цяжкія ліхтары і штокі, кінуліся спінамі ў ваду… Во — дзядзька Даял, растапырыўшы ногі на дошках, перабірае ў руках лінь, папускае яго ўсё больш і больш. Урэшце становіцца на калені, потым садзіцца, а лінь трымае, хоць ён увесь разматаўся… Во — напінаецца ўжо лінь, а плыт пачынае плысці то ўправа, то ўлева, то закружваецца на месцы вакол сябе і вакол нейкага лапіка вады. Нібы гіганцкі паплавок велізарнай, як на кіта, вуды. А раптам і праўда возьмецца якая пачвара, і плыт-паплавок заходзіць, заскача, як вар'ят, а потым коса сігане пад ваду?