Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 202
Павел Андреевич Мисько
«Як гэта сігане? — жахаецца Натача. — Там жа не прыманка… Не чарвяк… Там жа Амара прывязаны!» — дзяўчынка ажно галавою матае, каб адчапіцца ад страшнай уявы.
І зноў глядзяць на плыт-паплавок, зліўшыся са скалой, скамянеўшы. Глядзяць і чакаюць цуда. З вады павінны вынырнуць утрох, а не ўдвух. З імі і Янг будзе, жывы і здаровы, нават разрагочацца на ўсё возера: «Ха-ха… вось і я! Ну й жарцік я з вамі разыграў!..»
Ніяк нельга было ўявіць хлопца мёртвым.
А плыт апісвае ўсё шырэйшыя кругі. А сонца пячэ ў патыліцы ўсё больш няшчадна, і ў Натачы і Абдулы баляць галовы, стукае ў скронях. Час паўзе так марудна, што хочацца закрычаць не сваім голасам, каб штосьці перапыніць ці прыспешыць, узарваць невыносную цішыню. Натача суе ў рот пальцы, з усёй сілы цісне зубамі на костачкі…
«Ну што-о, ну як там?» — хочацца крычаць і Абдуле. А каму крыкнеш? Лопаюцца толькі мо сотнямі адразу бурбалкі вакол плыта. Часам бурбалак не відаць, узрываюцца недзе якраз пад плытам.
І раптам убачылі, што Даял усхапіўся на ногі, заперабіраў рукамі лінь, закідаў яго сабе пад ногі петлямі. Радж і Амара, значыць, пайшлі на пад'ём…
І зноў час нібы застыў на месцы, сонца замёрла над самаю галавою, не хоча саступіць убок ні кроку. Бязлітаснае сонца, забойца-сонца… Натача і Абдула ўсхопліваюцца на ногі, і хлапец тут жа хістаецца і ледзь не падае, Натача яго падхоплівае. Глядзяць на Даяла, пытаюць у Даяла, пытаюць у возера — нема, без голасу: «Ну што-о там? Што-о?!»
І раптам разам з бурбалкамі каля плыта з'явіліся чорныя мячыкі галоў, бліснула шкло масак. Радж і Амара ўсплылі адначасова, Даял памог ім ускараскацца на плыт.
Без Янга ўсплылі!.. Паселі на краёчак, унурыўшы галовы, і… маўчаць!
Натача разрыдалася. Абдула падтрымаў яе за плечы, пасадзіў на зямлю. І ў яго цяклі па шчоках слёзы, і ён не мог нічога з імі парабіць, хоць стараўся стрымлівацца.
Маўчаць хлопцы на плыце. Вось адзін, а потым другі марудна сцягваюць маскі і зноў сядзяць угнуўшыся. Даял становіцца на калені і просіць Раджа падняць нагу, адшпільвае ў яго адзін ласт. Грабе Даял ластам, паволі кіруе да берага — туды, адкуль і адплывалі на пошукі.
Натача і Абдула нічога не крычаць ім, не пытаюць, падтрымліваюць адзін аднаго і прабіраюцца верхам, брыдуць туды ж. Там, скрыжаваўшы рукі на грудзях, стаіць як укопаны другі насільшчык, Мамада. Стаіць і ні кропелькі, мабыць, не перажывае: чужое гора як бы і не гора. Яго нанялі не плакаць, нанялі на цэлы дзень, і ён цярпліва адрабляе час.
Выйшлі Амара і Радж на бераг, пахістаўшыся на камянях, пакоўзаўшыся ластамі. Радж адразу зняў і другі ласт, выбраў вялікі камень і прысеў. Даял паглядаў то на Раджа, то на Амару, чакаў далейшых распараджэнняў. А яны нічога не гаварылі, Амара адкінуў некалькі камянёў, расчысціў пляцоўку і ўлёгся ніцма на цёплы пясок. На нагах у Амары былі два ласты, каля Раджа ляжаў адзін. Затое на плыце былі два… Два, а не адзін!