Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 203

Павел Андреевич Мисько

— А той лішні — чый? — схапіла яго Натача, падбегла да Раджа. Упала на калені, пачала вадзіць пальцамі па рубчыках, рэбрах ласта. А пальцы дрыжаць, дрыжаць!..

— Янгаў… ласт… — вымучыў Радж. — Засеў у расколіне пад вадою… А самога засмактала, мабыць, пад зямлю… Там такая вярцеліца, вада бушуе…

Абдула адвязаў ад запасных балонаў Тота, узяў на рукі, бо той усё рваўся, станавіўся на дыбкі. Падышоў да Натачы, прысеў на кукішкі і таксама памацаў ласт.

— Вы з Янгавым аквалангам, як вылавілі з вады, нічога не рабілі? — уздыхнуўшы, спытаў Радж.

— Не, — за дваіх адказала Натача, выціраючы слёзы.

— Рэмень паясны нармальна расшпілены. Значыць, сам, свядома расшпіліў пад вадою. А мо і несвядома… І ласт акуратна адшпілены… Янг быў п'яны!.. Глыбіннае ап'яненне — ёсць такая каварная штуковіна.

— Пра гэтае возера ў нас розныя легенды ходзяць… Страшныя! — Даял патаптаўся і таксама сеў на камень. — Быццам на дне жыве дракон вогненны. Часам як дыхне — дым і пара валяць! Усё з'ядае дракон, што ні трапіць жывое ў возеры, і раве: «Ма-ал-а-а!» Таму і рыбы тут амаль няма, і людзі не хочуць сяліцца, баяцца нават хадзіць сюды.

— Тут было так… — азваўся ўрэшце і Мамада. — Кідалі рыбакі бутэлькі пад кручу… Так налівалі вады і затыкалі, каб бутэлька нібыта танула, нібыта плавала. А праз тыдзень вылоўлівалі… во-о там, каля Горнага, — не азіраючыся, Мамада паказаў за спіну. — І нават на захад туды, каля Зубоў Дракона… Як цячэнне цягне.

— Радж… Міленькі, родненькі… Сёння трэба шукаць, не чакаць тыдзень! У моры шукаць, каля берага… Мо і Янга туды вынесе. Там, мабыць, рэчка падземная.

— Будзем, Натача, будзем…

— Але ж чалавек — не бутэлька, — сказаў Амара, не падымаючы галавы.

— Будзем шукаць… Хоць надзеі ніякай… — хрыпата перахапіла горла Раджа.

— Дык што — плыт развязваць? — спытаў Даял. Радж кіўнуў.

У самы раз было б перакусіць, сонца даўно з паўдня. Натача ведала, што ні Радж, ні Амара нават не аграшыліся, крошкі зранку ў роце не было. І раніцаю паплылі не снедаючы. Але на прапанову пакруцілі галовамі. Насільшчыкі маўчалі, бо ніхто з імі, наймаючы, пра харчы не гаварыў. І Натача пакарміла са сваіх запасаў толькі Абдулу і Тота.

5

— Вунь яны… Зубы Дракона… — кіўнуў Мамада ўправа, нават рукою паказаў.— Старыя расказваюць… Рыбакі раз паспрабавалі закінуць сеткі ў возера. Дык Дракон так разгневаўся, так пляваўся камянямі ўпопускі — ледзь ногі вынеслі. А потым не было чым шпурляць, дык зубы выплюнуў.

Унізе, нібы на першым паверсе берага, панаваў каменны хаос, а ўправа, куды тыцнуў рукою насільшчык, вастракутных і тупых глыб-скал было наварочана кучамі.

З вады таксама тырчала некалькі вострых, як кіпарысы, зазубрын-шпянёў. Чорныя, высозныя… Паміж імі было накідана і малых, нібы пакрышаных. У закавулках, лабірынтах і прамоінах паміж імі мора ўзбівала белыя кактэйлі.