Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 13

Павел Андреевич Мисько

Прыйшло зусім нямнога людзей — мо трэцяя частка ад тых, што былі ўчора на сходзе.

Высокім брахлівым голасам чыноўнік гаварыў, што часу на роздум у людзей было многа. Цяпер даецца на зборы ўсяго дзве гадзіны. У лагуне пры беразе чакаюць іх катэр і вельботы, амерыканцы ўсіх бясплатна даставяць на Горны.

— Хто галава сям'і, будзеце падыходзіць сюды па дапамогу. Кожнаму будзе ўручаны чэк на прад'яўніка, па чэках можна на Горным ці на Галоўным у канторах банка атрымаць пяцьдзесят долараў.

У адказ чуліся толькі плач-скуголенне, нібы ў людзей ужо і сілы не было, каб заплакаць на ўвесь голас. Не пераставаў стагнаць і Ганеш.

Потым гаварыў афіцэр, а чыноўнік перакладаў. Амерыканцы не будуць нікога вінаваціць, што паранілі іх салдата.

— Адбылося непаразуменне, якога больш, я спадзяюся, астравіцяне не дапусцяць, — голас афіцэра быў ледзь не бацькоўскі.

— А як жа… А як жа тады… — застагнаў, закашляўся кроўю Ганеш. — Ваш салдат двух застрэліў!.. Нашых! І яму нічога за гэта не будзе?!

Чыноўнік хуценька перашаптаў афіцэру, што сказаў стараста.

— Гэтага не можа быць, таму што быць такога не можа! — адказаў афіцэр.

— Такія факты і мне невядомыя, — дадаў ад сябе чыноўнік, перакладаючы. — А вам мы маглі б яшчэ дабавіць за гэты паклёп. Але вы мне трэба жывы… Называйце кожнага галаву сям'і. Складзём спісы, акт на выдаткі.

Паліцэйскія падцягнулі Ганеша да баньяна, пасадзілі пад дрэва, прыхіліўшы спінаю да ствала.

5

Плач і галашэнне луналі над вёскаю, над усім Біргусам.

Людзі не ведалі, што браць, што кідаць. Можа, дзе ў вялікім цывілізаваным свеце, на Галоўным, на Раі, бляшанка з-пад кансерваў, што служыла за конаўку, не варта была выедзенага чарапашынага яйка. А біргусаўцам у іх бядоце ўсё было дорага, усё міла.

Прайшла гадзіна, прайшла другая, а ніхто не быў гатовы пакінуць сваю хаціну. Людзі нешта звязвалі, перавязвалі, кідалі і зноў бралі. А хто і быў гатовы, то не вытыркаўся наперад, аглядваўся на іншых. Раней людзі ішлі за бомам, ішлі за старастам, а цяпер іх не было. І ў разгубленасці шыліся ў цёмныя куткі, у кусты, думалі адседзецца, уратавацца.

Бацька нагрузіў на Янга столькі ўсяго — ішак не панёс бы. Сам узяў на абярэмак свінку, цераз плячо перакінуў звязкі курэй, і яны трапяталіся, спрабавалі ляцець, драпалі кіпцюрамі і дзюбамі за спіну і ногі. У маці быў толькі адзін клуначак з адзеннем і лямпа без шкла і газы (каштоўная рэч, хоць ёю ніколі не карысталіся). Маці немагчыма было выцягнуць з хаты, яна цалавала кожную бамбучыну, кожнае бярвенца. А выйшла, то ўплялася за крывую пальму, што схілілася каля хаціны, і загаласіла на ўвесь голас. Заплакаў за ёю і Янг, хоць дасюль толькі крадком выціраў то адно вока, то другое. Злізваў слязіны з дрыжачых губ бацька, ён усё паддаваў свінцы каленам знізу, каб не спаўзала з рук. Потым бацька апусціў свінку на дол, заціснуў яе нагамі і паклікаў Янга. Пакорпаўся ў яго клунішчу, што гнуў хлопца, як цыклон пальму, дастаў вяроўку, завязаў свінку за пярэднімі нагамі, па грудзях, канец наматаў на кулак.

— Ну — хадзем… Хадзем жа памалу… — гладзіў ен плячо маці свабоднаю рукою, угаворваў. А яна толькі хісталася з боку ў бок, як пад ветрам, спрабавала рваць на сабе валасы.