Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 11
Павел Андреевич Мисько
Спусціліся ў пратоку паміж трэцім і чацвёртым астраўкамі. Янг з Тунам нырнулі і тут жа вынырнулі. Праўда!
— Не вытрываць! Галава расколваецца!
І тут іх заўважылі з пантона: закрычалі, замахалі рукамі, каб выбіраліся з вады і ўвогуле вымяталіся прэч. Але хлопцы толькі заплылі за астравок і зноў пачалі цікаваць са схованак, глядзець, што робіцца на пантоне, каля пантона і рыфаў.
Вось з вады адзін за адным вынырнулі двое ў масках і з балонамі за плячыма. Ім памаглі ўзлезці на пантон, зняць балоны. А маскі пазрывалі яны самі і цяжка дыхалі, размашыста церлі па перакрыўленых, як ад болю, губах, церабілі пальцамі вушы. Сабака нецярпліва павіскваў, хочучы забрахаць на незнаёмых, і яму Мансур заціскаў пысу, прыгінаў да скалы. Рабочыя, што завіхаліся на пантоне, выцягвалі з вады чорныя шлангі, нарэшце завіслі на шлангах нейкія жалезныя штуковіны з вострымі наканечнікамі.
— Мо які клад схавалі, золата?! — у Мансура загарэліся вочы.
— Дурня такога, як ты! — сплюнуў Тун.
— Я падплыву туды пад вадою, пагляджу. Я ўмею глядзець пад вадою! — Мансур папоўз са скалы нагамі ўніз.
— Ціха, яны адплываюць! — паказаў Янг на карму пантона, дзе затарахцеў рухавік, узбурліла бурунам вада.
Пантон адплываў паціху, каля борта стаяў чалавек у шортах і прапускаў праз далоні драты, якія вялі пад ваду.
— Гууд! Стоп! — прагучала каманда на пантоне.
— Я ныраю! Потым не знойдзеш гэтага месца! Сабаку патрымайце! — Мансур адпіхнуў сабаку, што збіраўся лезці за ім, і нырнуў. Спыніць яго не паспелі.
У той жа момант на пантоне адзін з дзядзькоў узмахнуў рукою, і глухі гул-выбух страсянуў наваколле. На месцы рыфаў і атольчыкаў, што перагароджвалі ўваход у лагуну, паўсталі агромністыя белыя слупы вады і абломкаў каралаў. Апалі, заплёхалі цяжка ў ваду абломкі рыфаў.
— Мансур!!! — закрычалі спалохана Янг і Тун, ластаўкамі ўзвіліся ў паветра, боўтнуліся ў ваду. Скокнуў за імі і сабака.
Мансур усплыў сярод рознакаляровых рыб неяк ненатуральна, перакручваючыся на бок, потым паказаў жывот і перавярнуўся на другі бок, пачаў апускацца на дно. І тут яго падхапілі Янг і Тун, павалаклі да астраўка. Павярнуў за імі і сабака.
З Мансуравых вушэй і носа цякла кроў. Яго трохі патармасілі, паціскалі, і ён закашляўся, выплёўваючы ваду. Жывы!
— Мансур! Хоць слова скажы! Мансур! — упрошвалі хлопцы. Сабака паціху заскавытаў.
А Мансур толькі стагнаў і скрыгатаў зубамі, вачэй не расплюшчваў.
— Дык што ж гэта робіцца?! — закрычаў Тун. — Учора двух забілі, і сёння… Што нам бацька яго скажа?!
— Хутчэй у вёску, мо хто паможа яму… Павярні тварам уніз! Прыпадымі! — калі Тун падняў Мансура, Янг падлез пад яго так, каб галава і адна рука Мансура былі на адным плячы, а другая рука — на другім. Ступіў, сагнуўшыся, у ваду. — Збоку плыві, будзеш страхаваць.
Цяжкі быў Мансур. Пакуль дабраліся да трэцяга астраўка, а потым да другога, Янг сам наглытаўся вады. Далей ужо цягнулі Мансура ўдвух, пад руку, паклаўшы на ваду дагары. Янг гроб леваю, Тун — праваю рукою.
На мысе-паўвостраве адсапліся — не доўга, каб толькі крыху вярнулася сіла. Зноў пагнялі, паціснулі Мансура ў спіну, паклаўшы жыватом на калена Янгу, бо хлопец, пакуль валаклі, зноў захапіў вады.