Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 12
Павел Андреевич Мисько
Сяк-так пасадзілі Мансура на сплеценыя ў замок чатыры рукі, панеслі ў вёску.
Вішчаў, бегаў вакол іх кругамі сабака.
Было і плачу, і крыку.
І не толькі ў Мансуравай хаціне, а і па ўсей вёсцы. «Людзечкі, ды што ж гэта робіцца?!» — на розныя лады галасілі жанкі. Сціскалі сківіцы хмурыя мужчыны — у бяссіллі і гневе. Каму паскардзішся? Хто дапаможа? Да бога — высока, да султана — далёка. Дый хадзілі ж да султана, скардзіліся і прасілі літасці. Ну, а што з таго? Не бацька ён свайму народу, не… Добра, што яшчэ хадакоў жывымі адпусцілі.
Некаторыя пабеглі на бераг лагуны. Калі не ўратуюць свае пальмы, то хоць зялёныя арэхі збяруць. Не было ўжо ў людзей ні боязі, ні павагі да Лі Суня. І адлупцавалі яго, і раскідалі ўсе яго шмоткі, адабралі арэхі. Асабліва стараўся Амара.
— А вам гэта прыпомню… Я вам прыпомню!.. — гразіўся Лі Сунь.
На амерыканскім катэры ён патарахцеў на Горны.
З'явіўся ён пад поўдзень з пяццю паліцэйскімі і чыноўнікам з папкаю пад пахаю. Паліцэйскія былі ў чалмах, з карабінамі і крывымі цесакамі, большымі, чым крысы-кінжалы. Чыноўнік быў апрануты, як індыец — у чорнай шапачцы, падобнай на пілотку, у белым сурдуце і белых штанах. Катэр з імі ўвайшоў у лагуну, не зніжаючы скорасці, з разгону ткнуўся ў белы пясок. Скінулі сходні, і ўсе пяцёра паліцэйскіх, чыноўнік і кітаец сышлі на бераг.
Пайшлі адразу не ў вёску, а да палатак, у якіх размясціліся амерыканскія салдаты і афіцэры. Шапталіся, размаўлялі там мо гадзіну, пра нешта дамаўляліся.
Зоркія вочкі ў Лі Суня…
— Эй, вы! — заўважыў ён Янга і Туна, якія залеглі пад кустамі і наглядалі, што робіцца ў лагуне і на беразе. — Паклічце сюды Ганеша! І хутка: адна нага тут, другая там!
Янг і Тун высалапілі яму языкі, перакрывілі і… зніклі ў гушчэчы.
— Не паклічуць. Але я сам ведаю, дзе Ганеш жыве і дзе той разбойнік. Калі ласка, хадзіце за мною! — паклікаў ён паліцэйскіх.
Амару злавілі, прывялі пад Дрэва Сходаў. Прывялі і старасту.
— Ад імя Яго Вялікасці султана!.. За замах на свяшчэнную і недатыкальную прыватную ўласнасць!.. — выкрыкваў высокім, ледзь не зрываўся, голасам чыноўнік, нібы выступаў перад шматлюдным натоўпам.
Амару паліцэйскія распласталі на зямлі і адлупцавалі бамбукавымі палкамі. Гэтак жа адлупцавалі і Ганеша — за тое, што распусціў ушчэнт сваіх сяльчан, не сочыць за парадкам. Добра адлупцавалі — не змог устаць.
— Не прыкідвайся, нягоднік! — пачалі штурхаць яго нагамі. — Скажы дзякуй, што не арыштавалі і не аддалі пад суд!
Але Ганеш не ўставаў.
— Лепш зусім дабіце… Я не перажыву гэтага сораму… — стагнаў ён.
Зноў падручыўся склікаць усіх крамнік Лі Сунь.
Пакуль людзі збіраліся, паліцэйскія пакутавалі ад гарачыні. То адзін, то другі бралі какосавыя арэхі, ссякалі адным ударам ім макаўкі, нібы галовы ворагаў султаната, смакталі сок. Падносілі і амерыканцу-афіцэру, які абыякава глядзеў, стоячы тут, і на экзекуцыю, і на ўсё, што выраблялі паліцэйскія і чыноўнік.