Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 15

Павел Андреевич Мисько

— Люд-цы!!! — крычала маці сваё. — Не паддавайцеся!

— Ану — падкалупні яе, патрасі трохі! — крыкнуў вусач вадзіцелю бульдозера і яшчэ штосьці дабавіў па-англійску.

Бульдозер раўнуў пагрозліва, крутнуўся на адной гусеніцы, зайшоў збоку: па нахілу і супраць нахілу не вельмі старую пальму патрасеш. Нож-адвал у гэтага бульдозера быў не роўны, а складаўся нібы з двух, пастаўленых пад вуглом адзін да аднаго, утварыўся нібы тупы рог з вострымі кантамі. Бульдозер роў-газаваў, расхістваў нажом пальму. Янг бачыў, як матлялася ўверсе маці, ашчаперыўшы ствол рукамі і нагамі, крычучы што ёсць моцы. Бачыў, як скаліўся ў дурной ухмылцы вадзіцель-бамбіза, высунуўшыся з кабіны, мабыць, забаўка яму падабалася.

— Мамачка, не трэба! Мамачка, зла-азь! — крычаў, голасна плакаў Янг.

— Стойце, душагубы! — зайшоў наперад і з усёй моцы ўпёрся ў адвал бульдозера бацька. — Яна злезе! Яна ўжо злазіць! — і зноў выставіў для абароны абразок Вішну.

Але што было вадзіцелю да іх бога, калі ен, відаць, і свайго не паважаў.

І раптам… жахлівы трэск, пальма зламалася ў тым месцы, дзе ўпіраўся бульдозер. Махрастая верхавіна, апісаўшы вялікую дугу, грымнула вобзем. Бацька ледзь паспеў адхіліцца: канец дрэва, самы яго гузыр таксама вільнуў у паветры, бухнуў на зямлю.

Янг закрычаў прарэзліва, ажно самому вушы заклала, кінуўся да маці…

І хай бы ён лепш не бачыў яе такою!..

Няхай бы навекі яна засталася ў яго памяці з жывым і чыстым, такім добрым і родным тварам.

— Ма-а-а-а… а-а-а!!! — Янг баяўся падступіцца да таго, што засталося ад маці, што відаць было з-пад пальмавага ствала. А бацька, падбегшы, збялеў і знямеў, у яго зрабіліся мутныя вочы вар'ята…

Бульдазерыст высунуўся з кабіны ўжо да пояса, выцягваў шыю, углядаўся ўперад, у тое месца, дзе ляжала размазджэраная жанчына, дурнавата міргаў белымі павекамі. Вусаты паліцэйскі скрануўся з месца, патаптаўся, паклікаў да сябе яшчэ аднаго. Закідалі маці пальмавымі лістамі і паштурхалі Янга і бацьку ў спіны: «Вы ёй ужо нічым не паможаце… Сама вінаватая… Бог пакараў яе за непаслушэнства…»

6

Пад Дрэвам Сходаў ішоў разлік. Ланцужком, нагружаныя хатнім скарбам і жыўнасцю, праходзілі людзі. Чыноўнік у чорнай шапачцы выдаваў тым, каго называў Лі Сунь, чэкі.

— А гэты мне павінен… Узяў пазыку пад будучы ўраджай і не вярнуў. Яму выпісвайце палову, дваццаць пяць долараў. А дваццаць пяць — мне! — указваў крамнік. — А гэтаму дваццаці хопіць — астатнія мне… Гэты таксама вінаваты… І гэты!

У руцэ Лі Суня быў ужо добры жмак чэкаў. Долары былі лепш за ўсё: ні есці не просяць, ні месца многа не займаюць.

Мансураў бацька з братам неслі на самаробных насілках Мансура, у яго была закручана галава. Мансур з усёй моцы прыціскаў да сябе сабаку, і атрымлівалася, што ў мужчын была двайная ноша.

Ужо на катэры абдымкі Мансура паслабіліся, і сабака выкаўзнуўся з рук. Рослы матрос, які спяшаўся ў рубку да штурвала, спатыкнуўся на сабаку, той енкнуў, адскочыў, трапіў пад ногі яшчэ аднаму. Другі хуценька схапіў сабаку за шкірку і шпурнуў за борт. Мансураў бацька не паспеў ні злавіць яго, ні прыхаваць дзе-небудзь.