Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 73
Николай Михайлович Водоносов
Усё і сапраўды было смачнае. Ад бульбы ў місе яшчэ ішла пара. Мачанне было ў другой місе. Малако — у невялічкім гладышы.
— От толькі лыжка адна! — развёў рукамі Ігнат.
— Гэтай бядзе мы паможам, — засмяяўся Тупік, вымаючы са сваёй паходнай сумкі, якая была заўсёды цераз плячо, відэлец-лыжку, складзеную надвое. — Без гэтай прылады я — нікуды! Як араты без плуга…
Толькі яны ўладкаваліся за сваім застоллем, як у кантору ўварваўся стары калгасны конюх. Хударлявы твар яго быў узрушаны, аж пачырванелы, вочы гарэлі халодным злосным агеньчыкам. Прама з парога загаварыў, заікаючыся:
— В-в-вы тут, г-гэна, палуднуеце, тав-варыш Т-ту-пік, а ў нас т-там, г-гэна, ч-чап-пэ…
— Што там у вас? — не зразумеў Ігнат.
— Ч-чапэ…
— Якое яшчэ чапэ? — уставіў слова і Тупік.
— Р-раб-буюць сяр-род б-бела дня… Я, г-гэна, толькі з мехам за аўс-сом д-для с-стаеннік-ка п-пай-шоў, а ён, г-гэна, з-за к-каня, ас-сядлаў яшчэ, г-гад, і х-х-ходу. Была б с-стрэльба, г-гэна, то, дальбог, с-смальнуў бы…
— Хто там вас рабуе? — адразу адчуўшы штосьці няладнае ў незразумелай гаворцы старога, Тупік устаў, падышоў да яго. — Гавары толкам!
— Д-ды г-гэны… п-п-пісарчук б-былы. Я крычу — стой, п-паганец, а ён, г-гэна, т-толькі д-дул-лю м-мне п-паказаў, от як було…
— Та-ак, було, скажам прама, не дужа цікава, — у задуменні прамовіў Тупік і звярнуўся да Ігната: — Чуў?
— Чуў…
— Ідзі, дзядзька Міхей, а то яшчэ што там здарыцца. Разбяруся… — Калі стары выйшаў, усё нешта мармычучы сабе пад нос, дадаў: — Вось і дасядзеліся… Бандыты пад самым носам коней крадуць. А для чаго? Ідзі, брацішка, дазнайся. Гэта па тваёй ўжо часці, Ігнат. А пакуль даямо.
Ды ежа ўжо не здалася такой смачнаю, як спачатку, апетыт сапсуўся. Сяк-так даелі мачанне, запілі ўсё малаком, проста з гладыша, нагбом па чарзе.
Ігнат зірнуў на Тупіка.
— Адразу і ісці?
— Ідзі… Што яны яшчэ там замыслілі — каб усё ведаць, каб ніводнага кроку не ўпусціць. Тэпай у Мокры Лог…
— А ты — на хутар?
— Не. Хутары яны чапаць не будуць, бо там ляжыць іхняе дабро, а коней траляваць сосны Крывы Панас папрасіў на суботу, значыць, да суботы там будзе ціха…
І зноў давялося Ігнату збірацца ў дарогу, у сваю штодзённую разведку.
Тупік адразу пайшоў на канюшню. «Толькі б не разбегліся зайцы, — думаў ён. — Засталося два дні. Ці будзе вартая тая аўчынка вырабкі?..»
Ён меў на ўвазе загад райміліцыі сачыць за злачынцамі да таго часу, пакуль не адкапаюць скарб. На гэта цяпер і працаваў Ігнат…
У адчыненае акно пачуўся Міронаў голас:
— Хлопцы, прымайце гасцей!
— А хто там, тата? — спытаў Алесь.
— Настаўнік з вучнямі…
Хлопцы ад нечаканасці аж лыжкі пакідалі, паўсхопліваліся з-за стала і кінуліся апранацца, бо за сталом сядзелі толькі ў адных трусах. І не прымаць жа тых гасцей у такім пакоі, дзе і ложкі засланы толькі шэрымі старымі коўдрамі — у людзей, бачылі, яны засланы прыгожымі посцілкамі, тканымі на восем ці нават больш нітоў,— і на стале цэлы вэрхал, ды і падлога не мецена.