Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн
Николай Михайлович Водоносов
Мікола Ваданосаў
Скарб Загорскай камяніцы
Кожны раз, калі я вяртаюся ў вёску Пабярэжжа, у той куточак, дзе прайшло дзяцінства, даўняе пачуццё шчымлівай радасці агортвае мяне.
Калі я зноў прыехаў туды на маршрутным аўтобусе апоўдні, вёска сустрэла мяне цішынёю. Аўтобус пайшоў далей, а я стаяў на шырокай вуліцы і — у які ўжо раз! — не пазнаваў вёскі. З маленькай, у два дзесяткі хат, якія шнурочкам цягнуліся да ракі, яна ператварылася ў ладны пасёлак, дзе ёсць магазін, пошта, дзе на ўскраі віднеецца цагляная школа-дзесяцігодка.
На вуліцы — ні душы. Час гарачы, самы сенакос, а паплавы каля ракі тут адменныя, цягнуцца на цэлыя кіламетры.
Я ўжо хацеў было пашыбаваць у кантору калгаса, як заўважыў, што насупраць адчыніліся веснічкі, і высокі стары дзед з кіёчкам паціху выйшаў на вуліцу і прысеў на лаўцы, што стаяла каля плота. «Хто ж гэта? — не пазнаў я старога. — Адкуль ён тут узяўся?» Я падышоў, аддаў «дзень добры» і спытаў:
— Ці не падкажаце, дзе мне знайсці Аляксандра Міронавіча, вашага брыгадзіра?
Стары слухаў мяне, прыклаўшы да вуха далонь.
— Ды не брыгадзір ужо ён, — адказаў дзед. — Міронавіч у нас за старшыню цяпера…
«Цяпера»! Ды гэта ж той чалавек, які мае непасрэднае дачыненне да ўсяго, што звязана са скарбам Загорскай камяніцы!» — абрадаваўся я, хоць яшчэ не даваў веры пачутаму. Ён быў аднекуль здалёк, не тутэйшы.
— І дзе яго можна знайсці, вашага старшыню?
— На хутарышчы новы кароўнік будуюць, то ён, пэўна, там.
— Дзякую… А вы не пазнаяце мяне? — на ўсялякі выпадак спытаў я.
Стары прыжмурыўся на мяне, пахітаў галавою.
— Па праўдзе кажучы, не пазнаў. А вось голас нешта як бы знаёмы. Чый жа ты будзеш, чалавеча?
Я назваў сябе, і стары, як здалося, задаволена ўсміхнуўся.
— Не забываеш на сваю радзіну, Мікола. То добра. Сядай, вось, пагамонім. А тым часам і Міронавіч вернецца.
Я прысеў побач.
— Даўно вярнуліся ў Пабярэжжа, дзядзька Ігнат? Стары ці не пачуў маё пытанне, ці зрабіў выгляд, што не пачуў. Сам запытаўся:
— Навошта ж табе Міронавіч? Пра хутары будзеш пытаць? То лепш за мяне пра іх, тыя хутары, ніхто не раскажа. А я от хоць і стары, а ўсё да драбніц помню.
— І пра тых бандытаў, што ў Мокрым Лозе хаваліся?
— А чаму ж… Гэтае дзела вунь як мне вядома. Маё, можна сказаць, гэтае дзела, кроўнае.
Яго вочы засвяціліся непрыхаванай радасцю, і я адчуў, што натрапіў на жылу, што гэты гаманкі дзед раскажа мне штосьці такое, чаго многія тут ужо і не памятаюць.
— Ты ж сам, помніцца, ад бандыта ўцякаў, га? — прыжмурыўся на мяне стары. — Сам, пэўна, даўно дзед, і ўсё помніш…
— Далёка не ўсё! Паўстагоддзя ж мінула, многае забылася, многіх ужо і на свеце няма.
— А я дык от помню. То пойдзем да мяне, я ж сюды назусім пераехаў. Цяпера от усе ў вёскі цягнуцца. Ну і я…
У той раз стары і расказаў мне даўнюю гісторыю пра скарб Загорскай камяніцы.
Хутары стаялі на пагорках. Хутар Красоўскага і хутар Гурэцкага. А між імі, у лагчыне, працякала бурлівая, гаманкая рэчка з дзіўнай назваю Каза. У той пакручастай Казе былі такія віры, што коні хаваліся па шыю. А былі і пясчаныя брады, дзе рэчку можна пераехаць на калёсах, перайсці, падкасаўшы штаны.