Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 74

Николай Михайлович Водоносов

І таму яны паспяшаліся тым гасцям насустрач, выйшлі на падворак і ўбачылі Анюту і Пікуліка з двума хлопцамі і адной, ва ўсім белым, дзяўчынай. Хлопцаў яны ведалі, то былі іх аднакласнікі з Замошша, а вось дзяўчыну бачылі ўпершыню. Даволі поўная, бялявая, з блакітнымі, вельмі светлымі вачамі і круглым тварам, яна выдавала надзвычай мажнай у параўнанні з танклявай Анютай. Ва ўсіх у руках былі звязкі кніг. Напэўна, тых, што засталіся ў старым куфэрку…

— Дзень добры, мае ўдарнікі! — весела зазначыў настаўнік і падышоў да хлопцаў, падняў вышай пакунак. — Бачыце, які скарб нясём? Па вашай падказцы! Нешта ж вас на лузе больш не відно…

Хлопцы пераглянуліся. Казаць ці не казаць, што ім забаранілі адлучацца з хутара? Падумаўшы хвіліну, Мікола вырашыў сказаць.

— А нам адным нельга пакідаць хутара, бандыты тут яшчэ водзяцца, — сказаў ён і зірнуў на незнаёмую, якая ад ягоных слоў ажно ўсклікнула.

— Гэта праўда? — спытала яна ціхім грудным голасам. — А ноччу тут вам не страшна?

— Ноччу мы спім, — жартам адказаў Алесь, таксама не зводзячы з дзяўчыны цікаўных вачэй. Было бачна, што яна і сваім белым адзеннем, і сваім светлым абліччам дужа ўразіла хлопца.

— Як ціка-ава! — глядзела на яго і незнаёмая.

— Ну, калі такая справа… — Пікулік не ведаў — верыць хлопцам ці не, і таму дадаў памяркоўна: — То да суботы пасядзіце. А ў суботу ўвесь народ выходзіць на апошні штурм паплавоў… Бачыце — сухмень, жніво падпёрла…

— У суботу-то мы пойдзем! — сказаў Алесь. — А нашы зноў усе будуць?

— Усе, — адказаў Пікулік, кладучы на траву свой важкі пакунак. — Нават, вось, Стэфа пойдзе, наша новенькая сямікласніца. Знаёмцеся, мая пляменніца. А я пакуль пагавару з гаспадарамі…

І ён пакіраваў у сад, дзе Міроніха і Мар'я пароліся ў градах з буйнай зелянінай гуркоў, морквы ды цыбулі.

— Дык цябе Стэфай зваць? — адразу падышоў Алесь да дзяўчыны. — А мяне — Алесем. Кладзі і свае кнігі на мурог, ён у нас чысты… — Ён узяў з яе рук пакунак, выбраў лепшае месца і паклаў яго там. — Хадзем, я табе цікавую карціну пакажу…

— Хадзем, — адразу згадзілася Стэфа, зірнула на хлопцаў і пайшла за Алесем.

Мікола і Анюта пераглянуліся, і твары іх асвяціліся ўсмешкамі: пэўна, яны ў гэтую хвіліну падумалі адно і тое ж, так здараецца ў сяброў.

— Мы таксама хочам паглядзець карціну, — непрыязна зірнуўшы ўслед Стэфе і Алесю, сказаў замашанскі хлопец Андрэй. — Пайшлі, Паўло…

Другі, больш сарамлівы, адказаў:

— Нас жа не запрашалі…

— Дачакаешся тут!

— Ідзіце, — ледзь усміхнуўся Мікола, — карціна і праўда вартая…

Так Мікола і Анюта засталіся адны.

— І як гэта Ваўчок аддаў усе кнігі? — спытаў Мікола.

— Пікулік з паперкай прыйшоў. Ад сельсавета…

— Упіраўся?

— Не. Адразу аддаў. Казаў яшчэ, што думаў папаліць іх, каб куфэрак ачысціць.

— Яму куфэрак, бач, даражэй за кнігі… Во — цемната! Ці прачытаў ён хоць адну?

— А ён зусім чытаць не ўмее. Распісваецца і то крывымі крыжыкамі.

— Як гэта?

— Тры крыжыкі ставіць замест прозвішча. Мікола засмяяўся. Засмяялася і Анюта, і твар яе раптам пасумнеў. Мікола заўважыў гэта.