Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 72

Николай Михайлович Водоносов

— Ага, вось гэтыя коні… Думаў я — навошта яны ім? Аж трое. Ды яшчэ з пастронкамі…

— Вось і я думаю… Коньмі можна нешта дужа важкае зрушыць з месца. А што? Слуп? Камень?

— А можа, валун? — зірнуў на Ігната Тупік.

— Які валун?

— Што за хатаю хутара Гурэцкага.

— Ды што ты! Той валун і трактарам не зрушыш, ён, пэўна, больш тоны важыць.

— Дык што ж тады?

— Убачым! — коратка кінуў Ігнат. — Цяпера галоўнае падрыхтавацца як след, не даць ім апамятацца. З раёна памочнікі будуць?

— Два.

— То й хопіць. У барановы рог скруцім!

— Балакай… А ці варта табе выкрывацца? А раптам ды яшчэ не ўсё, не канец? Можа, яшчэ спатрэбішся…

Ігнат засмяяўся, ад чаго скура абапал тонкага носа змаршчынілася:

— Ці не думаеш ты збавіцца ад мяне? А хто ж табе на вяселлі граць будзе? Дарэчы, калі думаеш жаніцца? І дзе? Не ў тваім жа пакойчыку, тут і тром не развярнуцца.

— Грымець асабліва не будзем, — адказаў Тупік. — Збяру сваякоў — малодшы брат у мяне ёсць, дзядзькі ды пляменнікі,— сяброў і памочнікаў, ды пададзімся на хутар. Там прасто-ора! Ды і пажыву пакуль там. А як знясём — нешта збудую сабе ў вёсцы, складзем чатыры вуглы… Старшыня сельсавета абяцаў памагчы.

— Ды і мая не адмовіць! Дай бог толькі, каб усё добра склалася, то, можа, што і на пасаг вымеркуем. Праўда, у сельсавецкай касе не дужа багата, але нешта ды знойдзецца. Вось калечка залатога не абяцаем. А парася прырэжам…

— Ніякіх калечкаў, а тым больш — залатых! — засмяяўся Тупік. — Вяселле будзе пралетарскае…

— Во — гэта гаворка! — пачулася ад дзвярэй. Там, з невялічкаю кашолкай у руках, накрытай кавалкам белага паркалю, стаяла Марыля, Ігнатава жонка — малая, круглатварая жанчына з вясёлымі карымі вачамі і ў меру кірпатым носам. — Вяселлі я люблю. Праўда, сваё мы з Ігнатам так і не згулялі, усё адкладвалі на лепшыя часы, а яны, тыя часы, і цяпер недзе йдуць…

— А мы з Валодзем заадно давай! — падхапіў надзвычай вясёлы сёння Ігнат. — Прыціснем свайго вепручка — ды на агульны стол! Раскашуемся…

— Ды ладна ўжо! — махнула рукою жанчына. — Дзяцей ужо скора жаніць… От хіба тут раскашуйцеся. — Яна пасунула на стале разам з гросбухам паперы і газеты і паставіла туды кашолку. — Ешце от бульбу гарачую з мачаннем на смажаніне… Цёпленькае ўсё. І сырадойчыкам запівайце, а я пабегла на луг.

Яна гэтак жа непрыкметна, як і з'явілася, знікла, быццам і не было яе тут.

Калі знялі з кашолкі паркаль, то на ўвесь пакой запахла смажанінай.

— Добра… Вельмі добра! — паціраючы рукі і ўдыхаючы носам казытлівы паз смажаніны, прамовіў Тупік.

— Што — добра? — вымаючы з кашолкі ўсё на разасланы паркаль, спытаў Ігнат.

— Харошая жонка — добра! Усё табе на сподачку… Харошая яна ў цябе, Ігнат, руплівая і ўвішная. Тут была, тут няма. І па гаспадарцы справілася, і ў калгасе — наперадзе. Не абы-як, пусці-павалюся…

— Хіба твая Гэлька горшая будзе? От ужо, як гаворыцца, пазайздросціў старому, маладую беручы… Давай от цяпера і памаўчым, тут, бачыш, ёсць над чым папрацаваць.