Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 71
Николай Михайлович Водоносов
Анюта падышла і асцярожна правяла па твару пальцам, — і з-пад слоя пылу ў пакой зірнулі вясёлыя і яркія вочы маладзіцы.
— Вой, як жывыя! — аж усклікнуў Алесь.
— Сапраўды, жывыя, на нас глядзяць, — сказала Анюта і працерла ўвесь твар.
Тут усе знямелі ад захаплення: карціна быццам ажыла. Усім на момант здалося, што жанчына ветліва ўсміхалася ім, нібы дзякавала за тое, што з яе твару выцерлі пыл.
— Якая… прыгажосць! — ледзь чутна вымавіў Мікола. — Бачыце? Пэўна, арыгінал. Я чытаў пра гэта ў адной кнізе.
— Сам ты арыгінал! — сказала Анюта. — Гэта ж сапраўднае багацце! А тут, на хутары, паны Гурэцкія недзе захавалі нават золата. Мне пра тое Гэлька расказала. А я, дурніца, вам. Яшчэ каму скажаце, тады і мне пападзе…
— Магіла! — стукнуў сабе ў грудзі Алесь. — Толькі заманліва, халера. От бы знайсці!
— Можа, і знойдуць, — адказала яму Анюта. — Нездарма ж Тупік амаль кожны дзень сюды прыязджае. А Гэлька гаварыла, што ведае пра той скарб толькі Зыгмусь…
Вось дык Анюта! Яна, аказваецца, усё ведае, ведае больш за іх, хоць яны і лічацца разведчыкамі ў Тупіка.
— Пойдзем на нашу пляцоўку! — раптам прапанаваў Анюце Мікола. — Там табе дужа спадабаецца…
— Не, — запярэчыла Анюта. — Мама сказала, каб не бавілася. — Яна зноў агледзела пакой, уздыхнула. — Хай будзе ўсё так адчынена. Скажыце вашым, калі спытаюць, навошта адчынілі,— што ў кабінеце будзеце кнігі чытаць, калі дождж…
І пабегла, нават ні разу не азірнуўшыся.
— Мы прыбяром тут пакой! — гукнуў ёй услед Алесь.
— Добра! — пачулася ў адказ.
Улучыўшы зручны момант, калі ў калгаснай канторы нікога, апроч Ігната, не было, Тупік зайшоў да яго. Так яны сустракаліся там заўсёды, каб пагаварыць пра свае справы.
Ігнат сядзеў за шырокім сталом на тоўстых фігурных ножках, з мноствам шуфляд па баках і, схіліўшыся вельмі нізка, штосьці пісаў у сваёй гросбух, як называў ён тоўстую канторскую кнігу па рознаму ўліку.
Пачуўшы Тупіка, Ігнат узняў галаву і, прыветліва ўсміхнуўшыся, сказаў:
— А я і чакаў цябе цяпера… Нават палуднаваць не пайшоў, сказаў Мані, каб што якое прынесла з дому.
— І добра зрабіў! Тое, што прынясе твая Маня, думаю, хопіць на двух, бо і я з раніцы нічога ў рот не браў,— жартам адказаў Кузьміч. Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі і на нейкі момант так і затрымалі іх, у поціску. — Значыць, ідзём да фінішу? — спытаў ён цішэй.
— Да фінішу, — гэтак жа ціха адказаў Ігнат. — Нашы цярпенне і вытрымка, думаю, былі недарэмнымі. Нешта ёсць у схованцы, вось толькі дзе яна, тая схованка, ніяк не даўмецца…
Тупік прысеў на другое крэсла, загаварыў задумліва:
— Адно ясна, што не на паверхні…
— А дзе, дзе? — загарэўся нецярпеннем Ігнат.
— Калі б Зыгмусь мог узяць свой скарб адзін, то яго, бандыта, даўно і след прастыў бы. Не можа ён адзін узяць — вось у чым сакрэт, вось чаму задужа доўга затрымаўся тут госць. Яму памочнікі патрэбны, сіла. Ды не абы-хто, а пакладзістыя аднадумцы.
— Гэтыя пакладзістыя — каго хочаш пакладуць, — засмяяўся Ігнат. — Ды яны могуць і расквітацца з Зыгмусем, як у яго руках акажацца золата, на гэта і пайшлі, можаш быць упэўнены. Інакш іх не сагітаваў бы. Крывы нават коней падахвоціўся дастаць. А Зыгмусь і сам думае збавіцца ад памочнікаў.