Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 75
Николай Михайлович Водоносов
— Анюта, — сказаў ціха, — мне здаецца, што нашаму Алесю там хлопцы кухталёў надаюць…
— За што?
— Не за што, а за каго…
— А-а… І я гэта заўважыла.
— Таму і засумавала адразу?
— Во — выдумаў! Я проста ўспомніла, што і мая мама не ўмее чытаць. Думаю, абавязкова навучыць яе чытаць, каб і яна ўмела, — задуменна сказала Анюта. — Я от… як пачну чытаць, дык, здаецца, і жыву ў іншым свеце. Адарвуся ад кнігі — і сумна робіцца…
— Глядзі ты! — здзівіўся Мікола. — І ў мяне такое адчуванне, што жыву ў іншым свеце…
Анюта зноў паглядзела на Міколу сумным позіркам.
— І яшчэ мне страшна за цябе… Той Зыгмусь жа недзе ходзіць яшчэ тут, ён табе адпомсціць… Сюды можа ноччу прыйсці…
— Не прыйдзе, засады пабаіцца. У нас засада нанач — Тупік казаў.
— Гэта добра…
— Анюта, праўда, што ў вас хутка вяселле будзе?
— Ага… Як тых бандытаў паловяць.
— Ну, то гэта ўжо скора. У нядзелю, — шматзначна зірнуў на яе Мікола.
— Адкуль ведаеш?
— Не казаў бы, каб не ведаў,— ухіліўся ад адказу Мікола. Ён быў рады, што Анюта клапоціцца аб ім, баіцца за яго. І яе ніколечкі не хвалюе тое, што Алесь павёў Стэфу паказваць карціну, якую яны ўжо ачысцілі ад пылу, працерлі анучкай, краёк якой змачылі ў алеі.
— Мікола, — сказала Анюта, і голас яе ўздрыгнуў.— А ты… От скажы, ты ніколі не будзеш такім?
— Якім? — насцярожыўся ён.
Яна кіўнула галавою ў бок хаты, наблізілася да яго і шапнула на вуха:
— Такім, як Алесь…
Ён не зразумеў яе і нічога не адказаў, толькі ў грудзях адчуў гарачую хвалю ад дотыка яе вуснаў да краёчка вуха, ад цеплыні, якая адразу прабілася да сэрца.
Тады яна растлумачыла:
— От Алесь убачыў новенькую і пабег за ёю, нават на нас з табою забыўся.
Ён зразумеў. І ад таго, што зразумеў, разгубіўся, не ведаў, як адказаць, каб не пакрыўдзіць Анюту. Назваць яе самаю прыгожаю — саромеўся. Ды і ці словы цяпер галоўнае? Вось яны адны, ім хораша. Гэтага досыць…
Сказаў зусім іншае:
— Алесь таксама харошы таварыш…
— А ўсё-ткі пакінуў нас! — не здавалася Анюта. — І ты пакінеш мяне калі?
— Ніколі…
— Навечна?
— Навечна…
Гэта была як бы клятва, якую яны так нечакана далі адно аднаму. І таму абое адразу змоўклі, засаромеўшыся. Стала нібы ніякавата. Гэта ж тая Стэфа падштурхнула Анюту на прызнанне. Стэфа ці хто іншы? Можа, яна, Анюта, баялася вось так нечакана калі-небудзь застацца адна…
Таму, каб знайсці які занятак, узялі кнігі, развязалі адзін пакунак, разглядалі іх, захапляліся вокладкамі, дзіўнымі, падчас, назвамі.
Неўзабаве да іх далучыліся астатнія, і было бачна, што Алесь меў перавагу над замашанскімі хлопцамі. Твар яго проста гарэў ад узрушанасці, вочы блішчалі, і сам Алесь быў надзвычай мітуслівы, гаваркі.
— Я ж казаў, што спадабаецца, казаў! Гэтай карціне — цаны няма, яна, можа, арыгінальная, — гаварыў ён Стэфе, якая слухала яго ўважліва, падтаквала і паводзіла сябе так, быццам яны знаёмыя ўжо даўным-даўно…
— Добра ў вас тут, чыста… Не тое што ў вёсцы — каровы скапыцілі ўсю вуліцу, свінні зрылі,— казала Стэфа. Казала аднаму Алесю, быццам каля іх нікога не было.
— Хутары будуць зносіць, — весела гаварыў Алесь, таксама ні на каго не зважаючы, — а мы ў вёску пераедзем.