Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 70

Николай Михайлович Водоносов

— У Міколы вучыся, як паводзіць сябе з малымі і вялікімі,— павучала яго Анюта.

— Згодзен! — адразу ўсклікнуў Алесь. — Буду вучыцца, абы табе дагадзіць, — зноў рагатнуў Алесь. — Буду ціхі, як Мікола, і гэткі ж нудны. Ага, Мікола, адхапіў?

— Хопіць выскаляцца! — абсекла яго Анюта, ды так рэзка, што аж Мікола пашкадаваў таварыша. — Не заўсёды тое золата, што блішчыць, а тая музыка, што трашчыць… Ведай гэта.

— Цяпер-то буду ведаць. Поняў — маўчу… Алесь зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся, хоць вочы яго па-ранейшаму свяціліся радасцю, радасцю ад таго, што хутка Анюта будзе з імі, тут, на гэтым хутары.

А Мікола тужліва падумаў: «Не так трэба з Анютай, яна не любіць зубаскалаў».

— Пакой ніштаваты, — пачаў Мікола, калі яны падышлі да ганка з трох прыступак. — І шпалеры ў ім усе цэлыя, не пашкуматаныя, як у іншых пакоях.

Ён узяўся за медную, з нейкімі завіткамі-выкрунтасамі ручку і адчыніў дзверы. Яны ціха рыпнулі, нібы войкнулі. З пакоя дыхнула прахалодай, прэлай вільгаццю.

— Ну — во! Пакой трэба добранька прасушыць! — аж заціснула рукою нос Анюта. І не пайшла далей, спынілася на парозе.

— Тут дапраўдачкі дыхаць няма чым, трэба адчыніць акно! — сказаў Алесь і ўзяўся высоўваць моцна заржавелыя шпінгалеты, ад чаго аж зачырванеўся, напяўся ўвесь, нібы падымаў якую цяжкую ношу.

На нейкае імгненне дапытлівы і цікаўны Анюцін позірк спыніўся на дужых Алесевых руках, і Мікола адчуў, як у грудзях нешта пякуча зашчымела. «Што гэта? Адкуль узяўся той шчымлівы боль? — адразу завірылі думкі.— Я ж люблю абаіх — і Алеся, і Анюту. Дык чаму мне не падабаецца, калі Анюта гляне на Алеся? Мусіць, мне не падабаецца, калі яна вось ТАК гляне, як зараз… Бо яна ТАК глядзела і на мяне, калі Алесь стаяў насупраць яе. Цікава, а што тады думаў Алесь? Яму, пэўна, таксама не падабалася…»

Каб адагнаць ад сябе гэтыя думкі, Мікола падбег і памог Алесю адчыніць акно, бо яно яшчэ апроч усяго было забіта ўнізе цвіком. Ад празмернай шчырасці, ён задужа моцна ўдарыў далоняй у раму, і шыбіна толькі — дзынк! — дзынкнула і вывалілася, пабітая на кавалкі.

— Во, мядзведзь, памог, называецца! — папракнуў яго Алесь, ад чаго Мікола зусім разгубіўся.

— Нічога страшнага, — убачыўшы яго такую збянтэжанасць, лагодна сказала Анюта. — У нас у каморы шмат шкла стаіць, новую шыбу ўставім.

— А я, можа, нарочна — на шчасце! — раптам знайшоў што сказаць Мікола.

— Хай будзе — на шчасце! — ужо глянула ТАК на Міколу Анюта, і душа яго акрыяла, усярэдзіне як разлілася лагодная цеплыня.

«Дурань! — вылаяў сам сябе ён. — У жыцці трэба заўсёды быць прасцей, так, як Алесь». Ён разумеў, што «быць, як Алесь», не здолее, што ў яго зусім іншая натура…

Ад дзвярэй у акно пацягнула цеплынёй, і маленькі пакой адразу запоўніўся свежасцю, пахам летняга сонца і траў.

Пакой быў зусім пусты: крэслы і стол адсюль узялі ў сельсавет. Толькі на зеленаватых, з залацістымі макамі шпалерах вісела старая, пакрытая слоем пылу, нейкая змрочная карціна: жаночы твар, увесь у падцёках, бы яна плакала, тая жанчына, а абапал галавы — два анёлкі, таксама вельмі брудныя і зусім сляпыя.