Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 60
Николай Михайлович Водоносов
— Нешта мала сёння вы натапталі…
— Я адзін таптаў,— прызнаўся Алесь, і яму давялося расказаць усё як ёсць.
— А божачка! А чаго ж ён пабег немаведама за кім? — пляснула далонямі Мар'я. — А трэба ж зараз ісці ды шукаць яго, хаця б чаго не здарылася…
Міроніха яе супакоіла:
— Што там магло здарыцца? Можа, дзе белку ганяець, яны гэтакія — абы-чым заняцца.
— Ой, не кажы, Клавачка, мой Коля попусту час не бавіць, ён парадак любіць… Трэба ісці шукаць! — стаяла на сваім Мар'я, яна адразу і пайшла, але яе спынілі.
— Чакай ужо, разам пойдзем, толькі вось рукі спаласну, — Міроніха завіхнулася да сянец, прынесла конаўку вады і збольшага абліла, памыла рукі, выцерла аб зашмальцаваную на жываце сукенку, і яны рушылі былі ўжо за веснічкі, як убачылі, што ад рэчкі, ведучы Сняжка за повад, ішоў паперадзе Мікола, а далекавата ззаду за канём крочыў Тупік.
— Так і ёсць! Нешта здарылася, — зноў пляснула далонямі Мар'я і пабегла насустрач, але на паўдарозе спынілася, пачакала і вярнулася разам з сынам, заклапочаная і строгая: нешта ж ёй Мікола сказаў такое, што азмрочыла яе твар.
— Вось бачыш, Алесь твой дома ўжо, — паказваючы на Алеся бізуном-пляцёнкай, весела сказаў Тупік, падыходзячы да іх і прыпадаючы на нагу. — Шмат рыбы налавіў?
— Ды ўсяго кіло са два, — сказала за сына Міроніха. — А што, скажыце, у вас там здарылася такое, што вы ўдвух ідзяцё, га?
— Сустрэў во па дарозе, — цяпер Тупік паказаў на Міколу і перавёў гамонку на другое: — Ці не будзе ў вас халодненькай, крынічнай глынуць, а то нешта рот абсмяжыла, хоць салёнага і не еў, здаецца, — усміхнуўся, выцер сасмяглыя вусны, і ад гэтай просьбы, ад добрага настрою, ад спакойнага голасу ўсе адразу супакоіліся, быццам нічога і не здарылася.
Алесь прынёс з сянец тую ж медную конаўку вады, і Тупік асушыў яе да дна, нават і кропелькі палічыў. Аддаў Алесю конаўку і звярнуўся да жанчын: — Трэба мне ў вас тут гаспадарку агледзець, абору, млын… Можа, што і ў калгасе спатрэбіцца, трыер там які…
Ён пусціў каня ў сад пасвіцца, а сам і праўда пайшоў адразу да млына.
— Хадзем, Клаўдзя, даполем твае грады, а то гэтыя непаседы толькі з работы зрываюць, — сказала Мар'я. Па ёй відаць было, што яна ўжо ведае, чаму так доўга не было Міколы і чаму ён прыйшоў з Тупікам. Ды Клаўдзя не такая дапытлівая, каб назаляць сваімі пытаннямі, у яе і свайго клопату хапае. Толькі махнула рукою:
— Хадзем…
Калі хлопцы засталіся адны, Мікола ціха сказаў:
— От добра, што я пабег!.. Гэта ж такое магло здарыцца, нават не верыцца цяпер…
— Што? Што магло здарыцца? — аж падаўся да сябра Алесь, з нецярпеннем чакаючы адказу. Тут Мікола і расказаў Алесю ўсё, што з ім здарылася ў лесе, ніколечкі не прыбаўляючы, не перабольшваючы. Алесь і так толькі войкаў ды аберуч хапаўся за галаву.
— Што цяперака будзе! — пабедаваў ён. — Ён можа наш хутар спаліць…