Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 61
Николай Михайлович Водоносов
— Не спаліць, Тупік тут пільнаваць яго будзе, засаду на яго зробіць.
— Якую засаду?
— Звычайную. Засядзе куды-небудзь у патаемнае месца і будзе чакаць…
— Вось бы ды з ім у тую засаду!
— Няможна! Там, можа, страляць будуць…
— Э-эх, дарэмна мы такую вінтоўку ды на кнігі змянялі! Вот бы цяпер і спатрэбілася. А то чытай тыя кнігі.
— Кнігі для нас вунь як лепш за тую вінтоўку! — запярэчыў Мікола. — От збегай і прынясі якую, будзем чытаць і юшку гатаваць…
Яны спярша пачысцілі рыбу і пачалі абіраць бульбу для юшкі. Тая бульба — з дзесятак — пасохла ўся, парабілася смарчкамі, учарнела, парасла сіняватымі парасткамі, але што ж гэта за юшка без бульбы, і хлопцы абіралі яе дбайна, акуратна, каб лішняга не зрэзаць у шалупінне.
А калі ўжо юшка гатавалася ў невялічкім цынкавым вядзерцы на агні, які расклаў сярод двара Мікола, Алесь прыцёг старую, без вокладкі, кнігу і сказаў:
— Чытаем далей?
Мікола задумаўся. Акуратна абклаўшы вядзерца сухім яблыневым суччом, якога багата было ў садзе ля плота, куды некалі сцягвалі зрэзаныя сукі ад яблынь, ціха прамовіў:
— Прадказанні, сны… Што гэта? От жа і ў кнізе няма адказу. А я ж сёння таксама, можна сказаць, дзіўны сон сасніў, гэта ж мне быццам было прадказанне…
— А я дык нічога не сню, — прастадушна засмяяўся Алесь. — Як лягу — бы ў вір галавой! — і дадаў: — Во, слухай, што піша вядомы англійскі доктар… — Ён разгарнуў кнігу і прачытаў: — «Прадказанні часта з'яўляюцца людзям з хваравітай псіхікай, з павышанай нервовай адчувальнасцю». Значыць, ты — псіх! — аж зарагатаў ён. — Хворы псіх!..
— Чалавек з павышанай нервовай адчувальнасцю — не хвароба, а прыроджаная якасць, асаблівасць натуры — таксама там напісана. І не доктарам, а прафесарам… На сёмай старонцы… Прачытай, калі не верыш.
— Табе я веру. От лепш паслухай, што я выкапаў,— і ён зноў прачытаў: — «Выпадак пяты… У спякотны дзень маладая жанчына мыла на дварэ ў балеі бялізну. Яе шасцігадовы сын падбег і сказаў: «Мама, я пайду на рэчку пакупаюся». Але жанчына насварылася на яго і забараніла аднаму хадзіць на рэчку. Неўзабаве яе змарыў сон, і яна прылегла ў цяні на разасланай коўдры. І ўбачыла жахлівы сон, што быццам яе сын падбег да рэчкі і, скочыўшы з высокага берага ў ваду, пачаў тапіцца. Яна нахілілася, каб уратаваць яго, і сын балюча схапіў яе ручкай за твар. Ад болю і страху жанчына прачнулася. Твар яе яшчэ, здавалася, гарэў у тым месцы, за якое схапіўся сын…
Тут падышла суседка і спытала, што гэта ў яе за чорная пляма на твары? Жанчына пабегла ў хату і зірнула ў люстэрка: на шчацэ чарнелі адпячаткі пяці маленькіх пальчыкаў…
Прадчуваючы бяду, яна кінулася шукаць сына, але яго нідзе не было. Тады перапалоханыя жанчыны пабеглі да рэчкі. Там, пакрыты з галавой вадою, моцна ўчапіўшыся пасінелымі рукамі ў звіслую з берага траву, быў хлопчык: ён утапіўся, як пасля выявілася, у той момант, калі жанчына ў сне ратавала яго… Выпадак шосты…»
— Досыць! — перапыніў яго Мікола. — Гэтая кніга не для нас. Яе і Пікуліку нельга паказваць…
— Чаму? — не зразумеў такога запалу Алесь.