Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 62
Николай Михайлович Водоносов
— Як там у прадмове сказана? Містыка ўсё гэта, адным словам — лухта. Давай лепш Чэхава.
Алесь глядзеў на збялелы Міколаў твар і нічога не разумеў. Сказаў пакрыўджана:
— Сам жа пачаў чытаць гэтую кнігу.
— Спярша мне было цікава. Я хацеў многае зразумець, ды бачу, што не для нас гэта яшчэ… Не для нас! — паўтарыў ён, і было бачна, што той «выпадак пяты» яго дужа ўразіў і растрывожыў.
«Відаць, Мікола і сапраўды вельмі расхваляваўся», — падумаў Алесь, сам яшчэ добра не ўсведамляючы значэння апошняга слова — што гэта за такая псіхіка і з чым яе ядуць?
— Пара ў юшку цыбулю кідаць, — сказаў Мікола і ўстаў ад агню, які ўжо амаль згас, і толькі яркае вуголле зырка тлела абапал вядзерца, якое прыемна булькатала і разносіла казытлівы пах рыбы. Узяўшы з Алесевых рук кнігу, аднёс яе дадому і зайшоў у гародчык насашчыкваць цыбулі.
Ён і сапраўды быў вельмі ўражлівы, да хваравітасці. Шкадаваў, здавалася, увесь свет. У каго якая бяда — у Міколы па ёй сэрца баліць. Ён шкадаваў зімою птушак, і хоць іншы раз бывала самаму галаднавата, выносіў ім апошнюю крошку хлеба; шкадаваў мушку, якая трапіла ў павучынне, і заўсёды выбаўляў яе з бяды. Любыя пакуты ўзяў бы на сябе Мікола, каб толькі другім было добра, каб толькі другія не адчулі тых пакут…
Вось чаму і пабег ён за Гэлькай, нават не раздумваючы пра небяспеку, рызыкуючы сабою, сваім жыццём, каб засцерагчы яе ад бяды. І цяпер быў рады, што яно сапраўды так сталася: Гальцы пагражала небяспека…
На абед запрасілі і Тупіка. Ён не адмовіўся, а дастаў са сваёй сумкі ладны кус сала і паўбохана «свойскага» хлеба, да таго падрумяненага, што аж слінкі цяклі. Усё паклаў на стол, пакроіў на кавалкі і падсунуў кожнаму.
— Прызнацца, абрыдла сухамяць… А юшкі дык не каштаваў ужо, можа, з год! — ён прычмокваў, круціў галавою і падміргваў хлопцам. — Сма-а-ака-та якая! Язык праглынеш.
А хлопцы ўчапіліся зубамі ў сала, якога таксама не елі даўно, вусны іх ільсніліся ад тлушчу, вочы гарэлі.
— Самая лепшая рыба — гэта сала! — сказаў са смехам Алесь, казаў не сваё, а пачутае ад бацькі, але ўсім было весела ад гэтага вядомага жарту, бо сёння на стале было, як ніколі, багата ўсяго.
Міроніха апроч сырадою паставіла яшчэ місу тварагу. Адным словам, абед быў шыкоўны.
— Ай ды рыбка! — усё хваліў Тупік.
— Мы б гэтай рыбкі ву-у-унь колькі налавілі, калі б яшчэ ўдвух, — пачаў Алесь, ды Тупік яго перапыніў:
— Затое ву-у-унь якога шчупака паганялі! Баюся толькі, каб цяпер не зашыўся дзе ў карчэўе…
— Трэба яго злавіць, — прастадушна сказаў Алесь.
— Трэба, — згадзіўся Тупік. — Тут ты, брацішка, маеш рацыю. А пакуль вам такі загад: з дому не адыходзіцца, ніякай самадзейнасці. Я тут буду, з вамі, толькі не ў хаце, а ў аборы.
— У засадзе? — зірнуў на яго Мікола.
— У засадзе…
На тым і пагадзіліся.
Ігнат рыхтаваўся да сустрэчы ў Мокрым Лозе. Апроч невялікага пісталеціка — браўнінга, — які ён паклаў у бакавую кішэню фрэнча, узяў яшчэ фінку і гранату. Фінку засунуў за халяву бота, як сапраўдны бандыт, а гранату паклаў у кішэню галіфэ. Узброены да зубоў, ён і выйшаў з вёскі адвячоркам, калі сонца ўжо хавалася за зубчатым краем лесу — недзе а дзесятай гадзіне.