Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 59
Николай Михайлович Водоносов
— Усё. Не бяжыце… Ён ву-унь там, каля лесу, зваліўся… А я ўцёк. Сняжок вось выручыў,— сказаў Мікола, паляпаўшы каня па тугой шыі.
Гэлька спынілася, яна ледзьве здыхвалася. Твар яе быў аж чырвоны, буйныя кроплі поту выступілі на дзіўна бледным ілбе.
— Во, гад! Хто б думаў… Будзе ім скора ўсім крышка… Дзякуй табе, Коля, — загаварыла яна. — Гэта ж каб не ты… — голас яе ўздрыгнуў, і яна змоўкла. Міколу падалося, што Гэлька плача.
— Я адразу яго заўважыў і пабег… — Яму хацелася суцешыць яе, нагаварыць многа харошых слоў, але іх не было. І ён дадаў весела: — Гэта ж я Сняжка навучыў на свіст бегчы, цукар даваў, хлеб…
Яны зноў ішлі — бо Мікола злез з каня — па дарозе і размаўлялі. Так і апынуліся каля сельсавета.
Тупік быў у сваім пакоі, перабіраў нейкія паперы. Убачыўшы іх узрушаныя твары, ён адразу зразумеў, што нешта здарылася, і ўстаў.
— Ці не гнаўся хто за вамі? — кінуўся ён да Гэлькі, якая выцірала хусткай узмакрэлы твар.
— Іменна — гнаўся… Зыгмусь… Мікола от мяне выручыў.
— Ён тады за мной пабег, аж на луг выскачыў,— уставіў Мікола. — Вялікі нож у руцэ трымаў…
— Ах, вось як загаварыў! Тады… — Тупік на хвіліну задумаўся, ускінуў галаву. — Зробім на хутары засаду. А ты, — звярнуўся да Гэлькі,— заначуеш тут, у маім пакоі… І ты, Мікола, пачакай, пойдзем разам.
Успомніўшы, што Алесь там адзін у рацэ рыбу ловіць, Мікола сказаў:
— Мне няма калі чакаць, ён можа і Алеся… нажом. Крычаў жа — разведчыкі!
— А дзе твой Алесь?
— У рэчцы рыбу ловіць.
— То паехалі. Хутчэй!
І яны выйшлі на падворак, дзе Сняжок, пакінуты без прывязі, скуб траву.
Счакаўшы яшчэ з гадзіну, Алесь схапіў аберуч таптуху, уздзеў яе краем дужкі на галаву і пашыбаваў дадому. Ён ішоў і губляўся ў здагадках — што ж там магло здарыцца з Міколам? За кім ён пабег? І чаму так доўга не вяртаецца?
Толькі цяпер тая трывога, якую, мабыць, Мікола адчуў адразу, перадалася і Алесю, усялілася ў яго сэрца. Ён ужо шкадаваў, што яны не пабеглі разам. Удвух яно было б куды як смялей і зручней, удвух ім заўсёды добра… А сёння ж яны яшчэ дамовіліся разам кнігу чытаць. Дзіўная тая кніга! Ні пачатку ў ёй, ні канца — лісткі навырываныя. А пра такія страхоцці ў ёй гаворыцца, што проста дух займае. Іншым разам, начытаўшыся той кнігі, страшна вечарам і на двор выйсці. Мікола от толькі нічому не верыць, кажа, што няпраўда ўсё тое, што ў кнізе напісана, у жыцці так не бывае. А якое яно яшчэ было ў іх, тое жыццё? Адным словам, малыя былі…
— Чаму ты адзін? — спытала ў Алеся Мар'я, калі той, скінуўшы таптуху адразу каля веснічак і зняўшы з пляча торбу з рыбай, хацеў быў прайсці у хату. — А дзе ж мой Коля?
Да такога пытання Алесь яўна быў не гатоў.
— Ён… у бярэзнік пабег, скора будзе, — не ведаючы, як усё растлумачыць, проста першае, што прыйшло ў голаў, сказаў Алесь, надаўшы пры гэтым голасу абыякавасць.
— Чаго гэта ён пабег у бярэзнік? — яшчэ больш насцярожана запыталася Мар'я, і па яе дробным, хударлявым твары прабег цень трывогі.
— А хто яго ведае… Нешта крыкнуў і пабег. Тут падышла і Міроніха ў сукенцы з закасанымі па локці рукавамі, з бруднымі — у зямлі — рукамі, якія яна неяк смешна адтапырыла ў бакі, быццам то былі крыллі і яна збіралася ўзляцець. Яна ўзяла ў Алеся торбу, узважыла ў руцэ, памацала другой рукою мянькоў і сказала: