Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 57
Николай Михайлович Водоносов
Ён сарваўся з месца так імкліва, што Алесь больш нічога не здолеў адказаць. Міколава трывога яму чамусьці не перадалася, ён быў упэўнены, што нікога тут няма і ўсё тое Міколу проста падалося.
Паставіў сетку за купку рудай травы, што матлялася цячэннем якраз пасярэдзіне рэчкі, патаптаў шчыра, няторапка, і быў вельмі задаволены, калі ў сетцы аказаліся аж тры ладныя плоткі. «Няхай бегае, а я от без яго рыбы налаўлю!» — весела падумалася Алесю. І шанцавала яму сёння, як ніколі. З-пад берага выгнаў акуня, потым, паставіўшы таптуху ў вірку, залез па грудзі ў ваду і доўга тупаў нагою пад карча. Зноў выцягнуў двух акунёў і шчупачка. Так, захапіўшыся лоўляй рыбы, ён раптам адчуў нядобрае — мінула багата часу, а Мікола не вярнуўся, на кліч не адгукнуўся.
Алесь вылез на бераг, зняў з пляча даволі важкую ўжо торбу, паставіў таптуху сушыцца і стаў чакаць, раз-пораз гукаючы сябра…
…А Мікола, выбегшы ў бярэзнік, адчуў, што намоклыя старыя штаны дужа замінаюць бегчы, шаргацяць, як бляха, рэжуць. Ен зняў іх і павесіў на маладую бярозку сушыцца, — бярозка аж сагнулася пад іх цяжарам. На ім засталіся злінялыя старыя трусікі шэрага колеру, ледзь не да калень, з шырокімі калашынамі. Цяпер бегчы было зручна і лёгка…
Нейкі час ён нікога не бачыў і таму бег вельмі асцярожна. І толькі ля могілак згледзеў чалавека і пазнаў яго: то быў Зыгмусь Гурэцкі. А далей, метрах у пяцідзесяці, сцяжынаю крочыла Гэлька. «Зыгмусь жа мог ужо даўно дагнаць яе, чаму ён гэтага не зрабіў? Мабыць, таму, каб дагнаць як мага далей ад хутароў… Вось і ідзе ён не дужа хутка, назіркам», — разважаў Мікола.
Зыгмусь раптам прыбавіў хады, пачаў забіраць улева, у абход. «Хоча абмінуць яе і зайсці наперад, напалохаць», — адразу змікіціў Мікола і таксама пайшоў хутчэй. Ён яшчэ не ведаў, што будзе рабіць, але разумеў — пакідаць дзяўчыну адну нельга, тым больш што яна нічога не ведае, ідзе спакойна, нават задужа ціха. «Можа, крыкнуць?» — прыйшла думка, але тут язык у яго нібы прысох да паднябення. Мікола ўбачыў, як у правай руцэ Зыгмуся, якую ён нечакана ўскінуў, відаць, зачапіўшыся за якую патарчаку, бліснуў вялікі нож. Зыгмусь прыбавіў ходу, ён ужо вось-вось забяжыць дзяўчыне напярэймы. І Мікола, больш ні пра што не думаючы, нічога не баючыся, адчайна і роспачна крыкнуў:
— Гэлька-а! Уцяка-а-ай!!!
Заўважыў, як яна азірнулася, нешта ўскрыкнула, сарвала з галавы хусцінку і пабегла так шпарка, што толькі яе і бачылі!
Ад раптоўнага Міколавага крыку Зыгмусь спыніўся, сцяўся ўвесь, потым зірнуў на Міколу і, не ўбачыўшы больш нікога, пачаў углядацца зноў туды, дзе знікла Гэлька. Не ўбачыўшы і яе, зароў глуха:
— Заб'ю, шчанюк! — і кінуўся Міколу напярэймы. Ад гэтых слоў і ад таго, што Зыгмусь наважыўся пераняць яго, Мікола спачатку разгубіўся: бегчы назад не выпадала. Ды і хто дапаможа яму там, дома? Мірона няма, адны жанчыны. І ён ірвануў па сцежцы наперад, адразу ўбачыўшы, як Зыгмусь спыніўся ў нерашучасці. Гэтага імгнення было даволі, каб ён адбегся яшчэ далей ад небяспекі. І ўсё ж яна яшчэ не мінула: на сцежку выбег і Зыгмусь. Пачалася дзікая пагоня. Раз-пораз азіраючыся, Мікола з трывогай заўважыў, што адлегласць між імі змяншаецца — той крываногі бандзюга ў лютай злосці прыпусціў на ўсю моц. І нідзе нікога, хто б вось так, як ён, Мікола, гукнуў Гэльку, ды гукнуў яго. Стаў бы Зыгмусь, а тады б ужо не дагнаў… Тады б не дагнаў? А цяпер? Хіба дагоніць? Калі ж дагоніць, то ўжо Міколу не бегчы…