Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 56

Николай Михайлович Водоносов

— Не скажа. Сёння ж не ўсе прыйдуць на луг, а толькі добраахвотнікі.

— Мы ж падахвоціліся.

— Ды раздумалі. Наробімся яшчэ за свой век, не бядуй, — сказаў Алесь матчынымі словамі.

Унізе, каля ракі, пахла так, што аж кружылася галава. Ап'яняючы водар блёкату, парэчак і валяр'яны змяшаўся з тонкім араматам маладога альхоўніку, крушынніку ды чаромхі. А з вады цягнула прахалодай і прэллю ціны. Ужо добра ўгравала сонца, і лезці ў рэчку было прыемна.

— Пачнем ад млына, — прапанаваў Алесь, — там, пад калодамі, мянькі ўдзень адлежваюцца…

— Давай…

Мянькоў лавіць было проста. Адкаціў калоду ў вадзе, паставіў таптуху далей па цячэнню і муці нагамі ваду — санлівы і непаваротлівы ўдзень мянёк і папаўзе з муццю ў сетку. Гэтак лавілі і малых шчупакоў. А вось акунёў дык трэба было выганяць з-пад навіслага, парослага травою берага, дзе яны ўдзень, у спякоту, любілі хавацца. Там жа, у глыбокіх норах, дзе вада і ўлетку халодная, адлежваліся вялікія і тоўстыя ментузы. Іх ніякім чынам не выганіш, іх трэба браць толькі рукамі, спрытна хапіўшы за галаву.

Толькі залезлі ў ваду, як адразу пашэнціла: пад нейкім карчом-рагуляй, які паціху адвярнулі ўбок, згледзелі на цёмным іле аж двух ладных мянькоў. Хуценька паставілі таптуху, пабоўталі нагамі абапал, узнялі дугу ўгору. Спярша нічога не было відаць, а як пачаў падымацца кіль, то ў канцы яго запляскаліся дзве рыбіны.

— Ёсць пачатак! — крыкнуў Алесь, усунуўшы руку ў таптуху. — Тоўсценькія! — ён спрытна пакідаў рыбу ў торбу, якая звісала аж да вады і ўжо добра намокла.

І тут яны ўбачылі Гэльку. Яна, у новай квяцістай сукенцы — нявеста ж! — якая ёмка аблягала стройны стан, з белай хусцінкай на галаве, завязанай ззаду вузельчыкам, падыходзіла да кладкі. Тую кладку — паваленую алешыну — нядаўна наладзіў Тупік выключна для яе, Гэлькі. Спынілася па гэты бок рэчкі, сказала жартам:

— Лавіся, рыбка, вялікая і маленькая…

— Ужо злавілася, — пахваліўся Алесь і дастаў з торбы мянька, трымаў яго за галаву, а той выкручваўся, вырываўся — вёрткі і жвавы — ды і выслізнуў з рукі. Каб гэта была якая іншая рыбіна, то толькі б яе і бачылі хлопцы. Дурны ж мянёк як нырнуў у ваду, дык адразу і стаў ля нейкай глышкі. І зноў трапіў у таптуху.

Гэлька пасмяялася з такіх рыбаловаў, перайшла кладку і пакіравала ўгору па тугой муражыне, усеянай жоўтымі люцікамі і барвовымі смолкамі. Яна быццам злілася з тым квяцістым дываном. Вось ужо яе постаць схавалася за першымі бярозкамі, а Мікола як зачараваны глядзеў ёй услед, быццам то пайшла не Гэлька, а Анюта — да чаго падобныя яны і паставамі, і паходкай!

І раптам ён убачыў такое, ад чаго адразу выпусціў з рук таптуху: далекавата злева, але, відаць, следам за Гэлькай, хаваючыся за дрэвамі, прыгнуўшыся, мітнуўся цень чалавека.

— Ой, хто гэта! — усклікнуў Мікола. — Хто ж то мог быць?

— Дзе? — не зразумеў Алесь, які быў заняты тым, што апусціў торбу ў ваду і назіраў, як там плавалі мянькі.

— У бярэзніку!

— Мала хто можа там быць…

— Не-е, Алесь! — голас у Міколы аж прапаў, стаў прыглушаны, ціхі.— Ён крадком пабег, азіраючыся, не на добрае гэта… Ты тут пабудзь, а я толькі пагляджу…